Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка 38 моладзевых актывістаў працягваецца


Любоў Лунёва, Менск 38 моладзевых актывістаў у Менску і ў рэгіёнах трымаюць галадоўку. Галадоўнікі патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць лідэраў незарэгістраваных моладзевых арганізацый “Малады фронт” і “Партнэрства”. Штодня да галадоўнікаў далучаюцца маладыя актывісты апазыцыі.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч адмыслова прыехаў у Салігорск, каб падтрымаць сваіх сяброў, якія пачалі галадоўку самымі першымі яшчэ 29 траўня. У Салігорску галадаюць 8 чалавек: Максім Сяменчык, Сяржук Пацкевіч, Дзяніс Карноў, Глеб Сандрас, Павал Батуеў, Уладзімір Лемеш, а таксама браты Шылы, Іван і Ільля. Зьміцер Дашкевіч далучыўся да галадоўкі адразу, як толькі выйшаў з турмы на Акрэсьціна:

(Дашкевіч: ) “Мы тут паспрабуем вырашыць, у якім фармаце і як далей будзем працягваць гэтую акцыю. Колькі яшчэ людзей будзе далучацца. Ну і, наагул, паразмаўляць, падтрымаць адзін аднаго…Акцыя насамрэч даволі рашучая. Хлопцы ўпершыню ў ёй удзельнічаць. Тут шмат непаўналетніх”.

Івану Шылу – 15 гадоў, а ягонаму брату – 13. Яны яшчэ школьнікі. Іх бацькі спрабавалі ўгаварыць дзяцей адмовіцца ад галадоўкі, але тыя не пагадзіліся. Маці Ільлі і Івана таксама адмовілася прымаць ежу на той час, пакуль будуць галадаць яе дзеці. Іван Шыла галадае шостыя суткі. Ён кажа, што пакуль не адчувае, што галадоўка неяк паўплывала на здароўе.

Хлопцаў учора затрымлівалі ўвечары, але адпусьцілі. Яны кажуць, што каля другога пад’езду дома сядзіць міліцыянт у цывільным. Уначы двое хадзілі вакол дома, глядзелі на вокны. Сёньня днём затрымалі двух чалавек, як толькі яны выйшлі з пад’езду, але потым іх таксама адпусьцілі. Хлопцы чакаюць тэлерэпартажу на канале мясцовага тэлебачаньня. Яны хадзілі ўчора да старшыні гарвыканкаму. Там былі супрацоўнікі тэлебачаньня. Гаворыць Іван Шыла:

(Шыла: ) “Есьці хочацца менш, чым на трэція ці чацьвёртыя суткі… Мы не размаўляем пра ежу. Чытаем беларускія часопісы, газэты. Ёсьць доступ у інтэрнэт, слухаем радыё праз інтэрнэт…Сёньня па тэлебачаньню будзем глядзець тэлерэпартаж пра нас. Мы, канешне ж, разумеем, як нас будуць паказваць. Па іхных рэпліках мы адразу ж зразумелі, што нас будуць выстаўляць нейкімі прыдуркамі, асабліва непаўналетніх. Нам задавалі пытаньні кшталту: “Колькі вам плацяць?” Усё гэта здымалі на камэру. Відаць, будзе нейкі мантаж”.

Большасьць галадоўнікаў – сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Маладафронтаўцы не аднойчы дэманстравалі сваю рашучасьць. Яны не пагадзіліся спыніць галадоўку на просьбы дарослых апазыцыянэраў. Сваю радыкальную акцыю, якая можа мець для іх вельмі сур’ёзныя наступствы, маладыя апазыцыянэры лічаць адэкватным адказам на дзеяньні ўладаў, скіраваных на спыненьне моладзевай пратэстнай хвалі.
XS
SM
MD
LG