Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведаюць людзі пра палітычную галадоўку маладафронтаўцаў?


Альгерд Невяроўскі, Менск Ад 29 траўня у розных гарадах Беларусі працягваецца галадоўка маладафронтаўцаў, якія дамагаюцца спыненьня крымінальнага перасьледу сваіх лідэраў і сяброў. Ці ведаюць у грамадзтве пра гэтую акцыю? І ці магчыма палітычнай галадоўкай дасягнуць сваіх мэтаў? Гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведаеце вы пра палітычную галадоўку маладафронтаўцаў, якія такім чынам хочуць дамагчыся спыненьня крымінальнага перасьледу сваіх сяброў? І ці магчыма з дапамогаю галадоўкі дамагчыся сваіх мэтаў?”

(Спадар: ) “Не, ня чуў. А дамагчыся, думаю, што не. Але абазначыць пазыцыю, выявіць грамадзянскую пазыцыю – так”.

(Юнак: ) “Я пра гэта чуў толькі з Інтэрнэту. Што ў Салігорску галадуюць. У нашай краіне цяжка дамагчыся, бо амаль ніхто пра гэта ня ведае”.

(Дзяўчыны: ) “Думаем, што так. Улады могуць саступіць, бо калі не, то будуць вінаватыя ў сьмерці ці ў іншых наступствах”.

(Спадар: ) “Гэта форма экстрэмізму больш паказальная, чым рэальная. Лепш рэальна змагацца ў парлямэнце”.

(Спадарыня: ) “Ня чула. Я думаю, немагчыма дамагчыся. Проста думка ў людзей усталявалася, і ўсё бессэнсоўна”.

(Хлопец: ) “Няхай паспрабуюць. Можна ўсё, калі надта моцна намагацца. Але ў нашай дзяржаве гэта будзе вельмі й вельмі складана”.

(Пэнсіянэр: ) “Радыё Свабода я слухаю кожны раз. Гэта ў нас адзіная крыніца. А дамагчыся немагчыма нічога. Бо вельмі моцная прапаганда”.

(Юначка ) “Мне здаецца, што ў Беларусі ўвогуле нічога не магчыма зрабіць. Калі мы былі на той жа плошчы, зразумелі, што амаль нічога тут ня зробіш, пакуль ня вырашаць вышэйшыя ўлады”.

(Юнак: ) “Яшчэ ня чуў, бо не глядзеў Інтэрнэт. Але трэба нешта рабіць. Бо калі ня будзем рабіць нічога, гэтым таксама нічога не дасягнеш. Трэба, каб пра гэта чулі людзі ў Беларусі. Ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах”.

(Спадарыня: ) “Ня думаю. Пра гэта недастаткова інфармацыі ў грамадзтве, таму галадаюць самі для сябе”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я лічу, што нічога ня будзе. Гэты рэжым нельга скінуць такім чынам. Шкада гэтых хлопцаў. Такія адчайныя, такія адважныя людзі. Я проста ў захапленьні ад іх”.
XS
SM
MD
LG