Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што зьмянілася ў сытуацыі палітычных вязьняў за тыдзень?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пракуратура адхіліла скаргу Аляксандра Казуліна на дзеяньні амапаўцаў, якія зьбілі палітыка 25 сакавіка. Апазыцыянэра Сяргей Ляшкевіч перавялі са Шчучынскай турмы ў Гарадзенскую. Які суд будзе разглядаць справу актывістаў “Партнэрства”? Чаму “хімікам” Андрэю Клімаву і Міколе Статкевічу не палегчылі рэжым?

Трэці месяц знаходзіцца за кратамі ў Жодзінскай турме экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Сьледзтва паводле яго справы падоўжанае да пачатку ліпеня, а тым часам абвінавачаны ў хуліганстве палітык з большага азнаёміўся з вынікамі папярэдняга расьсьледаваньня. Паводле адваката Ігара Рынкевіча, спадар Казулін мае шэраг істотных заўваг да сьледзтва.

(Рынкевіч: ) “Галоўнае, на што ён акцэнтуе ўвагу – гэта што міліцыя сама расьсьледавала падзеі, у якіх галоўнымі фігурантамі і пацярпелымі былі самі ж міліцыянты. Мы лічым, што такую справу мусіла расьсьледаваць пракуратура, сьледчыя пракуратуры, а ня сьледчыя з гарадзкой управы міліцыі”.

Адвакат Ігар Рынкевіч падзяляе меркаваньне свайго падабароннага пра тое, што справа расьсьледавана неаб’ектыўна. Ігар Рынкевіч згадвае вынікі судова-мэдычнай экспэртызы Казуліна, якая зробленая у Жодзінскім сьледчым ізалятары. Паводле гэтых вынікаў, з Казуліным падчас затрыманьня абышліся надзвычай жорстка, адвакат нават лічыць, што па-за межамі закону.

Аднак назіраючая пракуратура працягвае адхіляць скаргі на дзеяньні міліцыянтаў. Два тыдні таму была адхіленая скарга на дзеяньні супрацоўнікаў “Алмазу”, якія перавозілі Казуліна ў Жодзінскую турму, а днямі стала вядома, што такі ж лёс напаткаў і скаргу на амапаўцаў, якія непасрэдна затрымлівалі палітыка на вуліцы Няміга: у завядзеньні крымінальнай справы супроць падначаленых камандзіра палку АМАПу Юрыя Падабеда адмоўлена.

Калі адбудзецца суд над Аляксандрам Казуліным, пакуль не бяруцца прадказваць і ягоныя адвакаты. А вось адвакаты актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” ўжо маюць першыя зьвесткі пра будучы працэс. Адвакат Вера Страмкоўская, якая абараняе Аляксандра Шалайку, не выключае, што справа ужо на пачатку будучага тыдня патрапіць ў Цэнтральны раённы суд Менска.

(Страмкоўская: ) “Мы знаёміліся са справай, падалі хадайніцтва аб прыпыненьні крымінальнага перасьледу ў сувязі з тым, што віна не даказаная, і вызваленьні Шалайкі з пад-варты. Але нашае хадайніцтва не задаволенае, справа перададзеная пракурору і, не выключаю, на пачатку будучага тыдня ўжо патрапіць у суд”.

Нагадаю, разам з Аляксандрам Шалайкам да адказнасьці прыцягнутыя актывісты “Партнэрства” Мікалай Астрэйка, Цімафей Дранчук і Эніра Браніцкая. Заведзеная таксама справа супроць актывіста Дзяніса Нібійкі. Адвакаты, сваякі і сябры затрыманых працягваюць барацьбу за іх вызваленьне да суду. Днямі ў інтэрнэце з’явіўся зварот сваякоў Цімафея Дранчука. У звароце нагадваецца, што актывіст дагэтуль ня бачыў свайго сына, які нарадзіўся, калі бацьку зьмясьцілі ў турму КДБ. Таксама аўтары звароту выказваюць занепакоенасьць зьвесткамі, паводле якіх працэс над актывістамі “Партнэрства” можа быць закрытым.

У Шчучыне нядаўна адбыўся працэс над мясцовым актывістам штабу Мілінкевіча Сяргеям Ляшкевічам. Яго прысудзілі да 5 месяцаў арышту за падрыхтоўку да тэрарызму. Маці актывіста Ірына Ляшкевіч паведаміла, што днямі сына перавялі з Шчучынскага ізалятару ў Гарадзенскую турму, дзе, як яна мяркуе, умовы крыху лепшыя.

(Ірына Ляшкевіч: ) “Добрага там канешне нічога няма, але ў Шчучыне яшчэ горш. Там няма добрай вэнтыляцыі, не шпацыры іх не выводзілі”.

За кратамі ў Гарадзенскай турме Сяргей Ляшкевіч будзе яшчэ да 11 жніўня.

Усяго, паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, болей за 20 палітычных актывістаў асуджаныя паводле крымінальнага кодэксу альбо чакаюць суду ці знаходзяцца пад сьледзтвам. Рэпрэсіі не сьціхаюць у тым ліку і супроць палітыкаў, якія адбываюць “хімію” паводле прысудаў яшчэ мінулага году. Як стала вядома, лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча, які адбывае “хімію” ў Баранавічах, улады не зьбіраюцца пераводзіць на больш мяккі рэжым адбыцьця пакараньня. Наадварот, усё часьцей яго трымаюць фактычна пад хатнім арыштам. Гэтаксама дзейнічаюць і адносна Андрэя Клімава, які сядзіць на “хіміі” ў Рэчыцкім раёне.

А вось у актывіста штабу Казуліна Юрыя Радзівіла сьвята – ён вызваліўся пасьля трохмесяцовай ізаляцыі у турме на Валадарскага. Юры кажа, што яму вельмі дапамагла салідарнасьць сяброў ды аднадумцаў.

(Радзівіл: ) “Безумоўна, я вельмі ўдзячны ўсім, хто мне спачуваў і верыў у перамогу. Гэта адчувалася нават на працэсе”.

Нагадаю, на гэтым тыдні ў Беларусі пачалася і стала масавай галадоўка актывістаў “Маладога фронту”, якія патрабуюць спыніць перасьлед ўладамі палітычных актывістаў. На пяты дзень галадоўкі ў ёй ужо бралі ўдзел 36 чалавек у Менску, Салігорску, Гародні і Жодзіна.
XS
SM
MD
LG