Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Начная аБЛОГа" – 2 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва 2 чэрвеня

Партал www.telegraf.by зладзіў на сваім сайце апытаньне: “Якім будзе кошт на газ для Беларусі ў наступным годзе?” “Да 50 даляраў” – такі адказ дае найменшая колькасьць удзельнікаў апытаньня – 4 адсоткі. Далей ідзе адказ “Ад 50 да 70 даляраў” – 6,5 адсоткаў. 28,5 адсоткаў апытаных лічаць, што ў 2007 годзе Беларусь будзе атрымліваць расейскі газ па кошце ад 130 да 160 даляраў. 31,3 адсотак галасоў набраў варыянт “Ад 70 да 130 даляраў”. Крыху больш людзей лічаць, што газ будзе каштаваць ад 160 да 200 даляраў.

Рэсурс www.praunik.org нагадвае пра тое, што 1 чэрвеня набыло юрыдычную моц рашэньне Ўрада Беларусі аб зацьвярджэньні новай Інструкцыі аб парадку прымусовай эвакуацыі транспартных сродкаў, у адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2006 года № 666. Інструкцыя вызначае адзіны для прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспэкцыі парадак прымусовай эвакуацыі транспартных сродкаў, якія ствараюць перашкоды для дарожнага руху ці пагражаюць бясьпекі грамадзянаў.

Agnija8 у ЖЖ-кам’юніці minsk_by minsk_by піша: “самая дурная справа, якую я толькі бачыла ў сваім жыцьці: каля прэзыдэнцыі рэзыдэнта 7 чалавек з дапамогай 2 кранаў зрэзваюць з каштанаў кветкі… прычым ужо некалькі дзён запар...” “Проста, думаю, прэзыдэнт вельмі любіць кветкі каштана і таму захацеў мець для сябе "ма-а-а-а-а-аленечкі" букецік”, – камэнтуе _biruta_“Відаць, ствараюць пагрозу бясьпецы… што ж тут благога?” – запытваецца silakoff.

А партал www.studenty.by працягвае знаёміць сваіх наведнікаў з патэнцыйнымі ўдзельнікамі сёлетняга “Басовішча”, якія пакуль яшчэ таўкуцца на “Адборышчы”. Гурт SKA!RB – “Лета”. Сагрэемся?

“Пазагараем у ліпені”, – абнадзейвае жыхароў сталіцы сайт Менгарвыканкаму (www.minsk.gov.by) “Згодна з папярэднімі прагнозамі, ліпень і жнівень у Беларусі будуць крыху цяплейшымі, чым звычайна… У асобныя дні слупок тэрмомэтра можа сягнуць і 30-градуснай адзнакі. Але такое цяпло, хутчэй за ўсё, не пратрывае доўга. Неблагое лета абяцаюць і народныя прыкметы… Калі на Тацянін дзень сьнег, дык будзе дажджлівае лета. Сёлета 25 студзеня было марознае надвор’е. 24 траўня – дзень сьвятых пакутнікаў Мокія ды Язэпа. Казалі: “На Мокія мокра – і ўсё лета мокрае”. У гэты дзень у Менску прайшоў толькі невялікі дожджык. Праўда, наколькі спраўдзяцца народныя прыкметы, пакажа час”.

ЖЖ-карыстальніца zmagarka (http://zmagarka.livejournal.com/) , больш вядомая як Таня Зубр, прайшла рэвалюцыйны тэст і выявілася кансэрватыўнай рэвалюцыянэркай. Вось якія вынікі гэтага тэсту: “Вы нажылі скаліёз і блізарукасьць чытаючы Шпэнглера, Юнгера й Шміта, а можа быць Лявонцьева, Ціхамірава й Саланевіча. Пакуль што вас – жменька інтэлектуалаў, але вы верыце – час прыйдзе й тады вы страсянеце гэты дэградаваны лібэральны сьвет. Цяперашняе стане мінулым, а мінулае – будучыняй, у якой рыцары будуць лятаць на касмалётах, грамадзяне Імпэрыі будуць сядзець за звышмагутнымі кампутарамі ў тогах, а праўдзівая дыктатура будзе праўдзівай дэмакратыяй, якая абапіраецца на меркаваньне і раду мудрых, то бок вас і вашых сяброў”.

_extraneus_ на старонках уласнага дзёньніку (http://users.livejournal.com/_extraneus_/61122.html) выкладае сваё разуменьне фэмінізму: “Фэмінізмам мы будзем называць ня рух за раўнапраўе жанчынаў. Усё ж з часоў барацьбы суфражыстак шмат вады ўцякло, і сьвет з тае пары моцна зьмяніўся да лепшага. Фэмінізмам будзем называць інтэлектуальнае вычварэньне, разнавіднасьць сэксізму – тую пячору, куды зашываюцца цёткі, з розных прычынаў адчуваючы крыўду, злобу ці пагарду да мужчынскага племені. Як і любое вычварэньне, фэмінізм – сьведчаньне таго, што нешта ў жыцьці чалавека пайшло ня так”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG