Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дарагія дзецюкі, я захапляюся вамі, кланяюся вам за ваш гераічны подзьвіг... У асяродзьдзі Лукашэнкі няма ніводнага такога сьмелага чалавека, як вы"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу, 2 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Я зьвяртаюся са зваротам да галадаючых “маладафронтаўцаў”. Дарагія мае юнакі! Прашу вас, малю вас, спыніце галадоўку! Я ведаю наяве, што такое галадоўка. Месяц пасьля блякады ў лесе быў бяз ежы і солі. У шасьцігадовым узросьце бачыў гітлераўскіх канваіраў, якія катавалі ваеннапалонных за тое, што яны паднімалі кавалкі хлебу з дарогі, якія мы, хлапчукі, кідалі ў калёны. Я бачыў і лукашэнкаўскіх катаў, якія катавалі мірных дэманстрантаў за іншыя погляды. Адрозьнівае іх толькі форма: першыя былі ў нямецкай форме, другія – баязьліва ў масках. Вы патрэбныя беларускаму народу здаровымі і адукаванымі. Галадоўкай вы фашызм ня проймеце! Спыніце галадоўку неадкладна! Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Жыве Беларусь!”

(Тацяна, Наваполацак: ) “Мяне хвалюе такое пытаньне. Ля вытокаў “Маладога фронту” стаяў Павал Севярынец. Вось ужо 10 месяцаў Павал сядзіць на “хіміі” ў нашым Полацкім раёне. Апошнія пару месяцаў да яго фактычна ніхто не прыяжджае. Я гэта ведаю, бо мой муж туды часам езьдзіць. Як вы пракамэнтуеце такую, з дазволу сказаць, салідарнасьць?”

(Спадар: ) “У мяне пытаньне да спадара Фінькевіча. Артур, як на тваю думку, якія моладзевыя кампаніі альбо дзеяньні могуць быць найбольш эфэктыўнымі зараз у Беларусі дзеля падзеньня рэжыму?”

(Віктар, Капыльскі р-н: ) “Паважанае Радыё Свабода! Хачу выказацца па дыскусіі Лябядзькі – Мілінкевіча.

Па-першае, хто, дзе і калі выбіраў ці прызначаў Мілінкевіча лідэрам дэмакратычных сілаў? На Кангрэсе гэтага не было. Выходзіць, сам аб’явіў сябе лідэрам. Але ж падзеі, што адбываліся пасьля выбараў, пацьвердзілі, што ён ніякі ня лідэр. Другое пытаньне. Мілінкевіч сьцьвярджае, што адбыліся сходы абласных штабоў, у тым ліку ў Менскай вобласьці, па разбору вынікаў выбараў і абмеркаваньня пытаньняў надалей. Зноў жа, у бліжэйшым акружэньні? Пад час правядзеньня канфэрэнцыі на “Свабодзе” я задаў пытаньне Мілінкевічу, але ж адказу не было, як і не было самога пытаньня на вашым сайце. Хто патлумачыць такую практыку? Выходзіць, што Мілінкевіч – Аляксандар ІІ пасьля Лукашэнкі, адказвае толькі на пытаньні, якія яму да спадобы. У 1994-м годзе Лукашэнка таксама прыгожа гаварыў і многа абяцаў”.

(Марыя Іванаўна: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Пяць хвілін таму назад па Радыё Свабода выступаў расеец. Яму не падабаюцца нашыя лідэры. У чым справа? Калі вам не падабаюцца нашыя лідэры і мы – у чым справа, мяжа адкрыта! А мы, беларусы, любім, паважаем сваіх лідэраў! І гэта наша права! Мы на сваёй зямлі выбіраем сваіх беларусаў! Мы за Мілінкевіча Аляксандра Ўладзімеравіча! Усяго вам найлепшага, Радыё Свабода!”

(Уладзіслаў: ) “Мілінкевіч часта наведвае краіны Эўразьвязу. І калі яго запытваюць, чым можна дапамагчы Беларусі, ён адказвае: патрэбна дапамога грамадзянскай супольнасьці, рэпрэсаваным і мас-мэдыям. Апошнія ў гэтым сьпісе, то бок дапамога мас-мэдыям, гэта занадта абагуленая просьба, на мой асабісты погляд. Трэба выказвацца больш канкрэтна. Існуе прыватная радыёстанцыя “Балтыйскія хвалі” зь Вільні, якая рэтрансьлюе “Свабоду”, “Палёнію” і можа ствараць уласныя праграмы. Але перадатчык мае невялікую магутнасьць, так што ва ўсходняй Беларусі сыгнал не чуваць. Нам патрэбная фінансавая дапамога для набыцьця магутнага перадатчыка, мусіў бы сказаць Мілінкевіч, і назваць дакладную суму. Калі Эўразьвяз сапраўды прапануе дапамогу, то на канкрэтныя просьбы ён адказвае апэратыўна”.

(Ірына: ) “Я – студэнтка магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Я не прыхільніца сёньняшняга палітычнага рэжыму, ня сябра БРСМ. Але, мне падаецца, што ў пляне перацягваньня на свой бок палітыка ўлады куды больш эфэктыўная за апазыцыйную. На фоне ўладнай прапаганды дэмакратычна настроеная моладзь выглядае як белая варона. Адзінкавыя выпадкі моладзевага студэнцкага супраціву выглядаюць як парадокс. Мова, культура, Эўропа для сучаснай магілёўскай моладзі – паняцьці незразумелыя і далёкія. Яны ўспрымаюцца хутчэй з пазыцыі звычайнага спажыўца. Куды прасьцей скарыстацца льготамі і наведаць дыскатэку, чым рызыкаваць будучыняй. Якія рэцэпты можа прапанаваць дзеючая дэмакратычная эліта дзеля пераадоленьня гэтага бязьвер’я? І што дзеля гэтага трэба рабіць такім, як я?”

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Дарагія дзецюкі, я ня буду ўгаворваць вас, каб вы не галадалі, ня буду пужаць вас, чым пагражае вам гэта даволі сур’ёзная акцыя. Я захапляюся вамі, кланяюся вам за ваш гераічны подзьвіг. Як бы не хавала вашую акцыю тэлебачаньне, не замоўчвала радыё, пра вас ужо гавораць у Эўропе, гавораць на вуліцах нашага гораду Магілёву і, я ўпэўнена, па ўсёй Беларусі. Паверце, дарэмна ня пройдуць вашыя пакуты, вы абавязкова пераможаце і будзеце жыць у такой Беларусі, за якую пайшлі на такое выпрабаваньне. У асяродзьдзі Лукашэнкі няма ніводнага такога сьмелага чалавека, як вы. Узброеныя да зубоў, яны сьмела кідаюцца зьбіваць, саджаць у турмы ня ў чым невінаватых людзей. Вы атрымаеце перамогу, будзьце ўпэўнены. Трымайцеся!”

(Спадарыня: ) “29 галадоўнікаў. Што вы катуеце моладзь, неразумную моладзь? Няўжо яны будуць пяць год галадаваць? Лукашэнка яшчэ пяць год дакладна будзе, а потым, калі яму прапануюць, то яго яшчэ пяць разоў выберуць. А вы моладзь гэтую зьбіраеце... Мілінкевіч езьдзіць па Эўропе, узнагароды гэтыя зьбірае, што ён зрабіў для Беларусі? Езьдзіць на Захад – і ўсё. Дык і вы туды адпраўляйцеся, а ня тут муціце сьвет з гэтай моладзьдзю. Беражыце здароўе моладзі, а не рабіце ўсякую лухту. Моладзь галадуе – ну, і чаго яны дамогуцца? Каго трэба судзіць, таго будуць судзіць, хто заслужыў і колькі заслужыў. На тое ёсьць улада, якая зможа Беларусь абараніць”.

(Аксана Новікава: ) “Мне незразумелая пазыцыя нашых палітыкаў старэйшага пакаленьня. Я лічу, што яны павінны далучыцца да галадоўкі. А інакш гэта выглядае, што яны падтрымліваюць улады, што яны, быццам бы, ня супраць таго, каб галадалі дзеці, але яны ў гэтым удзелу прымаць не жадаюць”.

(Пэнсіянэрка, Менск: ) “Наколькі магчыма, хачу адказаць на пытаньне “Колькі ў сям’і павінна быць дзяцей”. Адным словам магу адказаць: Бог любіць тройцу. Але кожная сям’я, я маю на ўвазе маладую сям’ю, павінна плянаваць, улічваючы свае магчымасьці, магчымасьці як матэрыяльныя, так і духоўныя, бо ты бярэш адказнасьць за сваіх дзяцей на ўсё жыцьцё.

Я выгадавала дваіх сыноў, якія ўжо дарослыя і маюць сваіх дзяцей. Магу параіць не ўступаць у шлюб у раньнім узросьце. Трэба атрымаць адукацыю, прафэсію, каб не ўскладаць свае клопаты на плечы бацькоў. Па-другое, трэба мець сваё жыльлё – гэта вельмі важна. Вось тут дзяржава павінна дапамагчы вырашыць гэта пытаньне. А аднаразовая падтрымка грашыма ня дасьць ніякага плёну. Дастойная праца і дастойная плата – вось у чым павінна быць дапамога дзяржавы. Вось гэтага павінна дабівацца моладзь – і тады ўсё будзе добра. У дадзены момант падтрымкі няма. Пакуль нашых студэнтаў, якіх выключаюць з навучальных установаў, будуць вучыць у другіх краінах. І гэтыя людзі ўжо ніколі не вярнуцца на радзіму, там яны і будуць плянаваць сваю сям’ю”.

(Ігнат Падгалы, Пружаны: ) “У мяне пытаньне да Ўладзімера Арлова. Паважаны Ўладзімер! Неяк пачуў з вуснаў Вашых прозьвішча Сямён Міхайлоўскі. Быў бы рады пачуць Вашую думку ці гістарычную даведку пра тое, ці ён аўтар музыкі вядомай песьні ці раманса на верш Багдановіча “Зорка Вэнэра”. Для мяне гэта пытаньне прынцыповае, бо, як сьцьвярджаў Рыгор Шырма ў сваіх працах – гэта музыка народная.

Аб тым, што Міхайлоўскі напісаў гэты дзівосны раманс, я пачуў ад сваёй першай настаўніцы яшчэ недзе ў 1938 годзе. Я вельмі любіў гэты раманс сьпяваць па просьбе жанчын на вячорках у вёсцы на Капыльшчыне. Вы, Уладзімер, робіце вельмі добрую справу, што шукаеце людзей, якія стаялі ў пачатку беларускага адраджэньня. Я Вам удзячны. А пытаньне, які ўплыў аказала гэта песьня ці раманс на беларускасьць наогул, на духоўную свабоду нацыі, на нацыянальную годнасьць беларусаў, яшчэ чакае свайго дасьледчыка. Гэта, як кажуць, якраз Вам у тэму”.

(Спадар: ) “Зараз некаторыя слухачы заклікаюць спыніць галадоўку непаўналетніх, якую праводзяць супраць перасьледу моладзі ўладамі. Лічу, што гэта павінны рабіць не радыёслухачы, а дарослыя дзядзі і цёці, якія ўцягнулі непаўналетніх у палітыку. Мілінкевіч і Лябедзька зараз часьцей бываюць у Парыжы, Вашынгтоне і іншых гарадах Эўропы, чым у Стоўбцах ці Слоніме. Што ж гэта за лідэры, якія заклікалі непаўналетніх удзельнічаць у галадоўках, а самі раскатваюць па Эўропе?”

(Спадар, Рэчыца: ) “Да вас зьвяртаецца пэнсіянэр 77 год. Хачу падзяліцца з вамі, раскрыць сваю душу. Прэзыдэнт у сваіх выступах дакранаецца цывілізацыі і прагрэсу, а на самой справе краіну вяртаюць да пасьляваеннага пэрыяду. Указ стварыў: прыватнікам вугаль не прадаваць, а толькі дровы і торф. Наш горад Рэчыцы адносіцца да забруджанай зоны. Сёньня гэтую зону зрабілі чыстай. А на пытаньне: “Дзе падзявалася радыяцыя?” Адказ: “Сышла ў зямлю”. 80% прыватнага сэктару незафіксавана, адказ адзін – стварайце каапэратывы. А ствараць каапэратывы няма зь кім, бо пражываюць у гэтых раёнах у асноўным дзеці вайны, пэнсіянэры. Чыноўнікі будуюцца ў асноўным у новых раёнах, там, дзе ёсьць усе камунікацыі. Мне 70, але я яшчэ ня жыў і не жыву. У час вайны з маці сядзеў у гумне, дзе фашысты рыхтавалі да зьнішчэньня. Бацька загінуў на фронце, нас з маці засталося чацьвёра. Пасьля вайны голад, холад, падаткі, гнілая бульба, лебяда, жалуды. Сёньня ў нас двое дзяцей, дзеці хворыя. Усё жыцьцё зьбіралі па капейчыне для дзяцей, нават хату цёшчы прадалі, каб пакласьці грошы на кніжку. Езьдзіў на Поўнач. Накапілі каля сарака тысячаў саюзных грошаў. Усё гэта забралі. Нам выплацілі кампэнсацыю – набыў вэлясыпэд і двое ботаў. Прэзыдэнт у перадвыбарнай кампаніі абяцаў вярнуць хаця б харчаваньнем, але забыў – пазыку ж іншым дзяржавам вяртае, а свайму народу не. Хаця галоўны банкір наш, цяперашні герой Беларусі, сказаў, што залаты запас падвоіўся. А мне сёньня для дзяцей трэба будаваць жыльлё, будуем ужо 9 год...”

(Спадар: ) “Падтрымліваю гэтую моладзь, якая зараз галадуе. Трэба болей такіх людзей, мужных, маладых. А Мілінкевіч ніякі не хуліган. Ён нікога не абразіў, нікога не абазваў адмарозкамі. Для яго ў любой краіне дзьверы адчыненыя, можа ехаць свабодна. А бальшавікам-лукашыстам, якія ўсенародна абзываюць ні ў чым непавінных людзей адмарозкамі ці іншымі непрыемнымі словамі, дарога за мяжу зачыненая. Яны разам са сваім былым старшынёй калгасу будуць сядзець, як краты, па норах, пакуль не засохнуць”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода, хачу даведацца, як мне зьвязацца з гуманітарным ліцэем, у якім зараз праходзяць экзамэны? У мяне ёсьць да яго прапановы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG