Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Флэш-моб у падтрымку галадоўнікаў; затрыманых адпусьцілі (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты Маладога фронту ды іншых моладзевых арганізацыяў правялі сёньня на плошчы Якуба Коласа ў Менску флэш-моб на знак салідарнасьці з 36 сваімі сябрамі, якія галадаюць у Салігорску, Менску, Горадні, Лідзе, Жодзіна і ўкраінскім Луцку.

У флэш-мобе брала ўдзел каля 30 чалавек – у асноўным гэта актывісты незарэгістраванага "Маладога фронту", а таксама іншых моладзевых арганізацыяў. Хлопцы і дзяўчаты ўселіся на бэтонныя пліткі ходніка і цягам 10 хвілін папівалі мінэральную ваду. Такім чынам яны дэманстравалі сваю салідарнасьць з тымі, хто галадае і акрамя вады нічога ня можа ўжываць.

Сярод удзельнікаў гэтай акцыі пратэсту былі і двое менскіх галадоўнікаў: Зьміцер Хведарук і Павал Давідовіч з "Маладога фронту". Яны сказалі, што гэтая акцыя вельмі патрэбная тым, хто галадае, каб яны адчулі, што яны не адны, што іх сябры і паплечнікі падтрымліваюць іх у іхных патрабаваньнях.

Як сказаў адзін з удзельнікаў гэтай акцыі, галадоўнік Зьміцер Хведарук, такім чынам яны выказваюць сваю салідарнасьць з галадоўнікамі, што патрабуюць вызваленьня сваіх сябраў-палітвязьняў і спыненьня супраць іх крымінальных справаў. Удзельнікі акцыі хацелі прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай праблемы.

Акцыя прайшла мірна і спакойна. Але пасьля яе заканчэньня. Калі частка ўдзельнікаў флэш-мобу перамясьцілася ў раён ГУМу, міліцыяй, без тлумачэньня прычынаў было затрымана 9 чалавек. Цяпер усе яны знаходзяцца ў Цэнтральным раённым упраўленьні ўнутраных справаў.

* * * Міліцэйскі спэцназ затрымаў 9 удзельнікаў акцыі салідарнасьці з галадоўнікамі. У Цэнтральным РУУС Менску іх трымаля каля 2 гадзінаў, пасьля чаго адпусьцілі. Пратаколаў на моладзевых актывістаў не скаладалі. Міліцыянты тлумачылі, што гэта было затрыманьне ў прафіляктычных мэтах.





XS
SM
MD
LG