Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі могуць мець беларуска-расейскія перамовы аб коштах на газ?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 31 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і эканаміст Валер Дашкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Перамовы паміж Менскам і Масквою па газавай праблеме праходзяць даволі дзіўна. Можна сказаць, галоўным пляцоўкай такіх перамоваў стала газэта “Коммерсант”. Менавіта праз гэтую газэту абодва бакі робяць свае чарговыя хады. Усё гэта больш нагадвае піяр-кампанію, а не сур’ёзныя перамовы.

Прычым, тую сэнсацыйную інфармацыю, якую друкуе “Коммерсант”, беларускі й расейскі бакі афіцыйна не пацьвярджаюць. Так, адміністрацыя прэзыдэнта Расеі не пацьвердзіла паведамленьня газэты пра распараджэньне Пуціна аб адмове датаваць беларускую эканоміку. Прэс-служба прэм’ера Сідорскага абвергла існаваньне ягонага ліста расейскаму прэм’еру Фрадкову. І вось цяпер прэс-служба “Газпрому” не пацьвярджае паведамленьня газэты “Коммерсант” пра новую цану — 200 даляраў за 1 тыс. м3, якую, нібыта, выставіла расейская кампанія для Беларусі. Чым вы патлумачыце такую дзіўную форму перамоваў?”

(Тацяна Манёнак: ) “Проста заўтра пачынаюцца перамовы паміж “Газпромам” і беларускай дэлегацыяй. Артыкул у газэце “Коммерсант” павінен прастымуляваць Беларусь да саступак у галоўным пытаньні, якое цяпер турбуе “Газпром”, — гэта прыватызацыя “Белтрансгазу” з удзелам расейскай кампаніі. Гэтая праблема застаецца нявырашанай з 2002 году.

Беларускі бок прапанаваў “Газпрому” пяць праектаў, але той ня хоча іх пакуль разглядаць, бо яны не вырашаюць галоўнага пытаньня. І лічба 200 даляраў — цана за 1 тысячу кубамэтраў — гэта спроба зрабіць беларускую дэлегацыю больш згаворлівай”.

(Карбалевіч: ) “Дык чаму б “Газпрому” не сказаць адкрытым тэкстам, што мы гатовыя не павышаць надта цэнаў на газ, калі вы нам аддасьцё “Белтрансгаз”? Але расейская кампанія цісьне з дапамогаю зьліву інфармацыі праз газэту “Коммерсант”. Чаму так?”

(Манёнак: ) “"Газпром" пра гэта заяўляў, хоць, можа, і не наўпрост. Але паколькі Беларусь не рэагуе, то расейская кампанія вымушаная ладзіць ціск праз "Коммерсант"”.

(Валер Дашкевіч: ) “Газэта “Коммерсант” — гэта фактычна ўласнасьць “Газпрому”. То бок, ён выдае патрэбную інфармацыю праз сваю газэту. Я разумею так, што Беларусі давядзецца пайсьці на саступкі ў пытаньні кошту прыватызацыі “Белтрансгазу”.

Каб гэта схаваць, беларускі бок хацеў бы правесьці перамовы кулюарна, а пасьля, як гэта неаднаразова рабіў Лукашэнка, кажучы па-народнаму, павесіць усіх сабак на Расею.

Каб пазьбегнуць гучных публічных заяваў зь беларускага боку, Расея імкнецца зрабіць перамовы публічнымі. Таму прапановы й адказы выносяцца ў газэту “Коммерсант”.

(Карбалевіч: ) “Але ж і расейскі бок потым не пацьвярджае інфармацыі, якая зьяўляецца ў газэце. Якая ж гэта публічнасьць?”

(Дашкевіч: ) “Яны не абвяргаюць, а мяняюць інфармацыю. Галоўнае, расейскі бок паведамляе пра сэнс перамоваў. А ў адказ атрымлівае прапановы, якія “Газпром” не задавальняюць. Напрыклад, хочуць зацікавіць Гарадзенскім азотна-тукавым камбінатам, што “Газпрому” зусім не патрэбна”.

(Манёнак: ) “Якраз гэта цікавая прапанова — і вельмі выгадная”.

(Дашкевіч: ) “Але гэта вытворчасьць няпрофільная для “Газпрому”. Гэтая кампанія прыняла цэлую праграму, каб пазбавіцца ад няпрофільных актываў”.

(Манёнак: ) “Важна ўдакладніць: няпрофільных непрадукцыйных”.

(Карбалевіч: ) “Чаго насамрэч хоча Масква ад Беларусі? Тут вылучаюцца розныя вэрсіі. Кажуць пра імкненьне сапраўды павысіць цэны на газ, каб ня толькі зарабіць грошы, але прыстойна выглядаць у вачах лідэраў “вялікай васьмёркі” ці Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Таксама адзначаюць, што з дапамогай такога ціску Масква хоча прымусіць Беларусь перайсьці на расейскі рубель ці нават аб’яднацца з Расеяй. Ці Масква хоча рэалізаваць усе гэтыя мэты адначасова, ці тут ёсьць нейкія прыярытэты?”

(Манёнак: ) “Сапраўды, тут існуе некалькі мэтаў адначасова. Яшчэ раз падкрэсьліваю, што для “Газпрому” прыярытэтным зьяўляецца прыватызацыя “Белтрансгазу”. У краінах Балтыі (напрыклад, у Літве) “Газпром” зьяўляецца ўласьнікам часткі газатранспартнай сыстэмы. Таму кошт газу для Літвы — каля 135 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Сямашка аднойчы сказаў, што Расея прапануе нам кошт газу вышэйшы, чым у Літве, а мы ж будуем саюзную дзяржаву. Але ж Літва пагадзілася на прыватызацыю сваёй газатранспартнай сыстэмы з удзелам “Газпрому”, а Беларусь — не.

Зь іншага боку, Масква хацела б з дапамогай газавай зброі падштурхнуць Беларусь да рэалізацыі інтэграцыйных праектаў: пераход на расейскі рубель, прыняцьцё канстытуцыйнага акту і іншае”.

(Дашкевіч: ) “"Газпром" — гэта расейская дзяржаўная кампанія. І Крэмль даўно нават ня робіць выгляду, што не выкарыстоўвае гэтай структуры дзеля палітычнага ціску на іншыя краіны.

Таму тут існуе некалькі мэтаў. Найперш карпаратыўныя мэты “Газпрому”. Доўгатэрміновая стратэгія кампаніі прадугледжвае, што дзеля забесьпячэньня доўгатэрміновага транзыту газу ў Эўропу, кампанія імкнецца стаць саўладальнікам ці паставіць пад свой кантроль магістральныя газаправоды на тэрыторыі іншых краінаў. Гэтую мэту “Газпром” імкнецца дасягнуць і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. Але ня там, ні тут гэтага не ўдалося. Што тычыцца прыбытку ад павышэньня цаны на газ, думаю, гэта для “Газпрому” другасны чыньнік.

А вось палітычныя інтарэсы Крамля больш цікавыя. Я лічу, што ўвогуле ў Крамлі прыйшлі да высновы: саюзная дзяржава Беларусі й Расеі для апошняй ні эканамічна, ні палітычна нявыгадна. У эканамічным сэнсе Масква ад такога аб’яднаньня нічога не атрымала. У палітычным сэнсе Расея зьяўляецца адзіным апекуном Беларусі. І гэта робіць імідж Пуціна ў вачах Захаду вельмі непрывабным. Павышэньнем цаны на газ будзе фактычна ліквідаваная эканамічная аснова саюзнай дзяржавы”.

(Карбалевіч: ) “А якая пазыцыя Беларусі ў гэтых цяжкіх перамовах? З аднаго боку, Менск прапануе Расеі розныя інвэстыцыйныя праекты. Толькі “Газпрому” прапанавалі пяць такіх праектаў. Апошнім часам сам Лукашэнка часта прымае вядомых расейскіх бізнэсоўцаў.

А зь іншага боку, Беларусь робіць крокі, якія можна лічыць нейкім шантажом. Падчас сустрэчы з прадстаўніком Пуціна ў Паўночна-Заходняй фэдэральнай акрузе Клябанавым Лукашэнка зрабіў жорсткія заявы. Падчас выступу з пасланьнем у Нацыянальных сходзе беларускі кіраўнік адзначыў, што галоўны прыярытэт нашай краіны на Ўсходзе — гэта Кітай. А вось яшчэ даволі брудны артыкул у газэце “Советская Белоруссия”, дзе публікацыі ў газэце “Коммерсант” названыя правакацыяй журналістаў. Дык у чым сэнс пазыцыі афіцыйнага Менску?”

(Манёнак: ) “Менск пакуль даволі спакойна рэагуе на пагрозы “Газпрому”. У мінулыя гады газавыя кантракты ніколі раней за сьнежань не падпісвалі. Таму яшчэ ёсьць час пагандлявацца. Але пазыцыя Расеі становіцца таксама больш жорсткай. Пра гэта сьведчаць выступы амбасадара Расеі ў Беларусі Сурыкава.

Спачатку ён супакойваў беларусаў, казаў, што пазыцыя “Газпрому” ёсьць пазыцыяй камэрцыйнай структуры. Аднак у апошнім інтэрвію “Комсомольской правде в Белоруссии” ён заявіў, што роўныя цэны на газ магчымыя толькі ў адзінай газатранспартнай сыстэме. Таму, маўляў, рабеце высновы, ідзеце на саступкі.

Беларусь рыхтуецца да магчымых цяжкіх наступстваў. Першы віцэ-прэм’ер Сямашка паведаміў, што ствараецца стабілізацыйны фонд дзеля кампэнсацыі павышэньня цэнаў. І ён амаль што ўжо створаны.

Сытуацыя ўскладніцца, калі Расея зьменіць умовы паставак нафты ў Беларусь. Бліжэйшым часам у камісіі па тарыфным і нетарыфным рэгуляваньні саюзнай дзяржавы адбудзецца слуханьне гэтага пытаньня. Беларусі давядзецца цяжка, калі Расея адначасова павысіць цэны і на газ, і на нафту”.

(Дашкевіч: ) “На мой погляд, Менск пакуль ня выпрацаваў нейкай дакладнай пазыцыі. Праблема ў тым, што Беларусь ня мае інструмэнтаў для нейкага адэкватнага адказу.

Што можа зрабіць Беларусь, каб націснуць на Расею? Перагледзець кошт арэнды расейскіх вайсковых станцыяў ці ўвогуле іх закрыць. Але я ня думаю, што Расею гэта можа моцна хваляваць. Заходнеэўрапейскі кірунак не зьяўляецца для Расеі пагрозай. Значна больш Маскву хвалюе ісламскі Поўдзень.

Самае большае, што можа зрабіць Беларусь, гэта адмовіцца ад кантрактаў на газавы транзыт і пайсьці на несанкцыянаваны адбор газу. І “Газпром” у гэтым выпадку нічога зрабіць ня зможа. Не дасылаць жа войска на чужую тэрыторыю для аховы магістральных газаправодаў.

Менск спадзяецца на актыўнасьць беларускага лобі ў Расеі, у парлямэнце і асабліва ў сілавых структурах. Я думаю, што пры ўмове стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” Расею задаволіць цана 100 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG