Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбыўся зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў


Любоў Лунёва, Менск У Менску адбыўся зьезд грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Дэлегаты абмеркавалі сытуацыю, у якой апынуліся недзяржаўныя СМІ, абралі кіраўніцтва і прынялі зварот да журналісцкай супольнасьці краіны.

Зварот да журналісцкай супольнасьці краіны прыняты пад назвай “Журналістыка — прафэсія сумленных і адказных”. Яго адразу назвалі Маніфэстам сумленьня. Дэлегаты зьвяртаюцца да сваіх калегаў, у прыватнасьці, з такімі словамі: “Цалкам усьведамляем небясьпеку дэградацыі прафэсіі журналіста й папярэджваем, што за несумленнасьць журналістаў і прапагандысцкую працу мэдыяў грамадзтву заўсёды, раней ці пазьней, даводзіцца плаціць па рахунках тых скажоных і лжывых уяўленьняў, якія яму навязваліся”.

Зьезд БАЖ адбыўся ў год, калі ў часе выбарчай кампаніі былі затрыманыя і прайшлі праз судовую сыстэму 45 журналістаў. І толькі адзін зь іх быў апраўданы. Старшыня БАЖ Жана Літвіна ў сваёй справаздачы адзначыла, што ў падпісныя каталёгі “Белпошты” на першы квартал 2006 году ня ўнесьлі 16 незалежных выданьняў, а 19 газэт нельга набыць у кіёсках “Белсаюздруку”. Суды адмаўляюцца разглядаць пазовы рэдакцыяў і чытачоў газэт. Тым часам дзяржаўныя СМІ дадаткова атрымалі фінансаваньне зь дзяржбюджэту на 60 мільёнаў 550 тысяч даляраў. Жана Літвіна толькі назвы кампаніяў БАЖ у падтрымку свабоды слова лічыць красамоўным паказчыкам пагаршэньня сытуацыі ў галіне СМІ: “Фэстываль незалежнай прэсы”, “Дзень закрытых газэт”, “Гарадзенская зона — тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў”. І апошняя “Пасядзелкі-2006” (сустрэча журналістаў, што адбылі арышты ў часе прэзыдэнцкай кампаніі).

Жана Літвіна зазначыла “Свабодзе”:

(Літвіна: ) “Ратаваньне прафэсіі. З аднаго боку, недзяржаўная прэса дэманструе сваё імкненьне выконваць канстытуцыйнае прызначэньне распаўсюджваць нецэнзураваную інфармацыю. З другога боку, гэта дзяржаўная прэса, якую ўлада сёньня бачыць зьвяном прапагандысцкай машыны. Таму вярнуць прафэсію — для нас самае важнае. Другое, што мы адчулі, — нам на першым пляне прыярытэтам павінна стаць адукацыя. Нам трэба авалодваць новымі тэхналёгіямі. Што БАЖ можа зрабіць — стварыць школу журналістыкі”.

Леанід Міндлін выступіў на зьезьдзе з прапановай выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі:

(Міндлін: ) “Трэба ўлічваць фактар новых тэхналёгіяў, якія існуюць сёньня ў журналістыцы. Гэта так званыя інавацыйныя тэхналёгіі, мультымэдыйныя. Гэта спалучэньне аўдыё-, відэа-, тэксту. У нас шмат беспрацоўных журналістаў, а гэтыя структуры дазволяць атрымаць нейкую працу”.

На зьезьдзе было шмат выступоўцаў ад рэгіянальных і ад моладзевых структураў. Дэлегаты заслухалі справаздачу юрыстаў Цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ, аднаго з прыярытэтных кірункаў дзейнасьці арганізацыі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў існуе з 1995 году. Яна налічвае 1008 чалавек. БАЖ зьяўляецца асацыятыўным сябрам Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. У чэрвені 2003 году Міжнародная асацыяцыя газэт узнагародзіла БАЖ “Залатым пяром Свабоды-2003”. У сьнежні 2004 году ад Эўрапарлямэнту арганізацыя атрымала прэмію імя А.Сахарава “За свабоду думкі”.

Гл.таксама • Крыху ўдачы зьезду БАЖ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG