Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст нацыянальнасьцяў у Горадні – Леніна часова схавалі (фота)


Радыё Свабода, Горадня У Горадні распачаўся VІ Агульнабеларускі фэст нацыянальных культураў. Мерапрыемства ладзіцца ад 1996 году кожныя два гады. Прадстаўнікі розных народаў будуць танчыць, сьпяваць, пачастуюць сваімі стравамі. Каб удзельнікам і гасьцям не перашкаджала статуя Леніна, яе загарнулі ў белую тканіну.

Улады робяць акцэнт на тым, што сьвята праводзіцца менавіта ў Беларусі: тут “у міры й згодзе” жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, і на гэта скіраваная палітыка прэзыдэнта, як зазначыла на прэс-канфэрэнцыі Марыя Бірукова — намесьніца старшыні аблвыканкаму.

Упершыню мерапрыемства мусілі ладзіць на пляцы каля помніка Леніну, і ўлады нечакана захілілі статую ад удзельнікаў фэсту мэталёвай канструкцыяй часовай сцэны, паставіўшы яе проста перад правадыром. А яго самаго разам з пастамэнтам апранулі ў белы саван і абвязалі яго, каб не сарвала ветрам. Як сказаў мне супрацоўнік ідэалягічнай управы, Леніна схавалі часова, каб ён не зьвяртаў на сябе ўвагі, пасьля сьвята яго зноўку “распрануць”.

Нагадаем, летась улады забаранілі дзейнасьць Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс і стварылі новы, падкантрольны ўладам, якім кіруе Юзаф Лучнік. Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў байкатуе мерапрыемства. Гаворыць адзін зь ягоных актывістаў Андрэй Пачобут:

(Пачобут: ) “Мы ведаем выпадкі, калі на творчыя калектывы аказваўся ціск, кіраўнікоў гэтых калектываў фактычна прымушалі браць удзел у фэстывалі. Сёлетні фэстываль, як ніколі раней, будзе выкарыстаны ўладамі для прапагандысцкіх, ідэалягічных мэтаў. Таму наш Саюз палякаў не бярэ ў гэтым удзелу, будзе альтэрнатыўная імпрэза, якая будзе праводзіцца на падворку Генэральнага консульства Рэспублікі Польшчы”.

Праўда, гэтае сьвята будзе прымеркаванае да ўгодкаў адкрыцьця консульства.

Раней чакалася, што на фэст упершыню прыедзе прэзыдэнт Лукашэнка. Улады вельмі сьпяшаліся закончыць рэканструкцыю Савецкай плошчы, на якой звычайна праводзілі сьвята. Закончыць не пасьпелі, а яшчэ ўчора ўвечары гарадзкі цэнтар нагадваў будаўнічую пляцоўку: клалі асфальт, пілавалі тратуарную плітку, фарбавалі сьцены. Тым ня менш, гарадзенцы звычайна чакаюць гэтага сьвята: яно найменш палітызаванае і найбольш карнавальнае.

XS
SM
MD
LG