Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Амэрыканскі куток” у Пінску атрымаў новыя кнігі, аўдыё і відэа


Радыё Свабода Агляд незалежнага беларускага друку 2 чэрвеня.

Сёньня пінскі тыднёвік “Мясцовы час” паведамляе пра ўрачыстую акцыю перадачы амбасадай ЗША ў Беларусі новых матэрыялаў для “Амэрыканскага кутка”. Ён быў адчынены год таму ў Цэнтральнай бібліятэцы гораду.

Матэрыяльная каштоўнасьць падарункаў перавышае ўжо суму ў чатыры тысячы даляраў. Школьнікі й студэнты ахвотна карыстаюцца гэтымі фондамі, удасканальваюць свае веды ангельскай мовы. Між тым, рэдактар незалежнага выданьня Віктар Ярашук паведаміў Радыё Свабода й пра пэўныя праявы недружалюбнасьці:

(Ярашук: ) "Афіцыйныя газэты ўвогуле не далі інфармацыю, што амэрыканцы прывезьлі падарунак. Сканцэнтравалі ўвагу толькі на тым, што яны сустрэліся з журналістам “Мясцовага часу”. І напісалі не “журналістам”, а “апазыцыянэрам”. Маўляў, невядома пра што зь ім гутарылі. Падтэкставы сэнс – быццам бы прыяжджалі па нейкіх “шпіёнскіх справах”".

Пракуратура Брэсцкай вобласьці арыштавала былога ўчастковага міліцыянта ў белавескай вёсцы Камянюкі Андрэя Барташука. Як паведамляе газэта “Вечерний Брест”, ёсьць падазрэньні, што менавіта ад яго пабояў загінуў малады мужчына.

Журналістам таксама стала вядома, што ў выніку сьмерці чалавека шэраг кіраўнікоў абласной міліцыі ўжо атрымалі дысцыплінарныя спагнаньні, а іншых чакае звальненьне.

Баранавіцкі тыднёвік “Intex-press” друкуе падрабязнасьці пра пагаршэньне сытуацыі з алімэнтамі, калі бацькі адмаўляюцца плаціць алімэнты кінутым дзецям. Усяго ў горадзе й раёне сёлета такіх 2 740 чалавек, прычым 49 зь іх аб''яўленыя ў вышук, а яшчэ на 63 падрыхтаваныя матэрыялы для ўзбуджэньня крымінальных справаў.

Дзесяць вернікаў, манахаў й навучэнцаў духоўнай вучэльні плывуць зь Віцебска ў Полацак на плыце, паведамляе сёньня “Витебский кур''ер”. Незвычайны крыжовы шлях прысьвечаны памяці Эўфрасіньні Полацкай й адбываецца ўпершыню.

Паведамляе незалежнае рэгіянальнае выданьне й пра перамогу навучэнцаў віцебскай мастацка-тэхнічнай гімназіі ў міжнародным конкурсе мультымэдыйных праектаў. Праца “Горад вялікага майстра”, прысьвечаная Марку Шагалу, была адной з найлепшых сярод дызайнэрскіх ідэяў 4,5 тысяч камандаў з 37 краінаў, удакладняе “Витебский кур''ер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG