Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту 1 чэрвеня


Дзьмітры Падбярэзскі, Менск Сайты, форумы, блогі… Беларускі Інтэрнэт 1 чэрвеня.

Блогер па мянушцы Фольксваген у tolblogs.org/Belarus даводзіць: “Сапраўдныя лідэры ва ўмовах дыктатуры не абіраюцца кангрэсамі. Імі становяцца — як станавіліся імі Лех Валэнса ці Вацлаў Гавэл. Фядута і Мацкевіч гэтага ня могуць зразумець. Мілінкевіч гэта, можа, і разумее, але ў свой час проста спазьніўся з актыўнымі дзеяньнямі. Казулін зразумеў, але толькі пасьля таго, як скампрамэтаваў сабе спачатку актыўным удзелам у лукашэнкаўскіх рэпрэсіях. Дзякаваць Богу, шмат хто проста ня думае аб гэтым, а дзейнічае, нават і без усялякай надзеі. Таму мы і мелі Пляц Каліноўскага”.

У ЖЖ нехта de_norbu прапануе: “Кіраўнікі краінаў G8, зразумела, будуць абмяркоўваць пытаньне па Беларусі… Ну а мы павінны дапамагчы кіраўнікам краінаў гэтае пытаньне агучыць. Мы павінны паказаць, што супраціў ня спынены, што мы не зьбіраемся Лукашэнку цярпець яшчэ 5 гадоў, што Беларусі патрэбна дапамога, але хопіць словаў — дзе вашы дзеяньні, спадары кіраўнікі дзяржаваў? Вы ж гэтак шмат кажаце пра дапамогу. Нам не патрэбная такая “дапамога”, як вы дапамаглі Югаславіі.”

На форуме сайту гораду Ліды можна сустрэць такія вось думкі пра канал замежнага тэлевяшчаньня БТ: у адказ на рэпліку alla “Беларусь ТВ — адна бацькава прапаганда. Як са склепу цягне! Не губляйце час!” нехта nord2 адказвае: “Што ты маеш на ўвазе пад прапагандай? Я больш за паўгода ня быў на радзіме. Мне цікава паглядзець навіны. Ніякай прапаганды я там ня бачу. І ў палітыку я ня лезу”.

На форуме сайту minsktrans.by можна ўбачыць, наколькі дзейсны Інтэрнэт нават і ў дачыненьні да дзяржаўных структур. Колькі дзён таму мы паведамлялі пра кіроўцу аднаго з аўтобусных маршрутаў, які сваімі хамскімі паводзінамі абурыў пасажыраў. Работнік філіі аўтобуснага парку №6 зрэагаваў на скаргу пасажыра на вэб-сайце: “Кіроўца аўтобусу МАЗ-105 дз.н. 34-61 за грубасьць у адносінах да пасажыра, праяўленую падчас работы на маршруце № 22 05.05.2006 г. прыцягнуты да адказнасьці”. Цікава было б яшчэ даведацца, да якой канкрэтна...

А вось у гасьцёўні сайту “Тузін Гітоў” (music.fromby.net) наведнік Sb1 напісаў: “Учора быў пастаўлены чарговы рэкорд наведвальнасьці ТГ за дзень: 1488 чал.”. Цалкам магчыма, што адбылося гэта ў зьвязку з галасаваньнем адносна прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе фэсту “Басовішча”.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG