Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго патрабуюць удзельнікі галадоўкі пратэсту?


Радыё Свабода Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” праз галадоўку пратэсту патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед актывістаў арганізацыі, а таксама вызваліць усіх палітычных зьняволеных у Беларусі. Што да апошняга патрабаваньня, то як адзначыў для Радыё Свабода прэсавы сакратар “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі, галадоўнікі ўсьведамляюць, што ўлады яго ня выканаюць і ня вызваляць усіх палітвязьняў, але для маладафронтаўцаў прынцыпова было заявіць такое патрабаваньне як адну з мэтаў галадоўкі.

Цяпер больш падрабязна пра крымінальны перасьлед маладафронтаўцаў. Паводле прэсавай службы “Маладога фронту”, супрацоўнікі КДБ распачалі крымінальныя справы супраць Валера Мацкевіча, Барыса Гарэцкага, Дзяніса Буйніцкага, Яўгена Скрабутана, Сяргея Ляшкевіча, Сержука Лісічонка, Зьмітра Дашкевіча і Алега Корбана за стварэньне і ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі. Была гэтаксама заведзеная крымінальная справа на Шаркова Арцёма, які цяпер знаходзіцца ў Вільні.

У Жодзіне супраць Сержука Гудзіліна, Яўгена Ваўкаўца, Алеся Чарэйкі і Паўла Красоўскага распачалі крымінальныя справы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паўла Красоўскага, які выдае газэту “Назіральнік”, абвінавачваюць таксама ў абразе прадстаўнікоў мясцовай улады.

Баранавіцкае ўпраўленьне КДБ завяло крымінальную справу супраць актывістаў “Маладога фронту” Сержука Марчыка, Андрэя Юруця і Віктара Кісьлюка за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. На кватэрах у хлапцоў правялі ператрусы, сканфіскавалі маладафронтаўскія матэрыялы й выданьні дэмакратычнага руху, а таксама прыватную аргтэхніку.

Больш як паўсотні маладафронтаўцаў былі дапытаная й выклікаюцца на допыты ў крымінальных справах у Менску, Жодзіне, Баранавічах, Магілёве, Горадні, Лідзе, Нясьвіжы, Бабруйску, Барысаве й Салігорску.
XS
SM
MD
LG