Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад дакладзе пра асноўныя задачы


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ўрад Беларусі, згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, прэзэнтуе Палаце прадстаўнікоў праграму сваёй дзейнасьці да 2010 году. Палата можа ўхваліць альбо адхіліць гэты дакумэнт. Паўторнае адхіленьне праграмы аўтаматычна азначала б выказваньне вотуму недаверу ўраду. Ці магчымы ўвогуле такі паварот падзеяў?

Магчымасьць вотуму недаверу ніхто з аглядальнікаў не разглядае нават жартам. Рэдкае сумеснае паседжаньне дэпутатаў ды ўрадоўцаў абыходзіцца бяз згадкі аб тых цудоўных дачыненьнях, што ўсталяваліся паміж выканаўчай ды заканадаўчай галінамі улады. Таму ёсьць сэнс акцэнтаваць увагу на зьмесьце праграмы, тым больш, што асноўную праблему беларускай эканомікі акрэсьліў пазаўчора ў Нацыянальным сходзе віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў.

(Кабякоў: ) "Галоўная праблема – інвэстыцыйная дзейнасьць. Быў пэўны пэрыяд у разьвіцьці эканомікі, калі мы дакладна ведалі, што рабіць – а менавіта, узнавіць вытворчасьць. Усё, што было рацыянальнае ў той эканоміцы, у нас працуе. А цяпер мы павінны даць другое дыханьне – пабудаваць новую вытворчасьць альбо рэканструяваць прадпрыемствы, каб яны былі канкурэнтаздольнымі. Вось гэта самы складаны від эканамічнай дзейнасьці, калі трэба вызначыцца – што рабіць, за якія грошы, падлічыць праект, знайсьці сродкі ды рэалізаваць яго".

Былы генэральны дырэктар буйнога прадпрыемства "Амкадор", старшыня парлямэнцкай эканамічнай камісіі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Васіль Шлындзікаў пагаджаецца з тым, што для ратаваньня беларускай эканомікі патрэбныя тэрміновыя захады.

(Шлындзікаў: ) "Абсталяваньне зношваецца, будынкі старэюць. Прадпрыемствы даходзяць да стану мотавелазаводу. Наступны, мабыць, будзе падшыпнікавы, дзе ўсё пакрыху рушыцца. І з гіганту беларускай прамысловасьці ператвараецца ў такую нязначную канторку".

Я спытаў спадара Шлындзікава, чым жа тады можна патлумачыць чарговыя рапарты пра эканамічныя посьпехі? Прыкладам, павелічэньне валавога ўнутранага прадукту за першыя чатыры месяцы сёлета склала 10%. Эканаміст нагадаў перадусім танныя энэрганосьбіты з Расеі. Ёсьць і іншыя прычыны.

(Шлындзікаў: ) "Людзі выціскаюць з гэтага "мэталялому" усё, што можна. Ды і што азначае рост валавога ўнутранага прадукту? Калі ён дасягнуты праз продаж расейскіх нафтапрадуктаў, гэта адно. А прыватны бізнэс не разьвіваецца, колькасьць малых прадпрыемстваў зьменшылася, колькасьць прадпрымальнікаў таксама".

Як магчымае падвышэньне кошту расейскіх энэрганосьбітаў адаб’ецца на беларускай эканоміцы? Аглядальнікі чакаюць, што пра гэта сёньня абавязкова пойдзе размова ў сьвятле беларуска-расейскіх перамоваў, перадусім з "Газпромам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG