Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Алесь Асташонак


Уладзімер Арлоў, Менск 1.6.1954, Менск – 7.9.2004, Кіеў. Пахаваны ў Менску на Кальварыйскіх могілках

Адны жывуць розумам і таму ўспрымаюць жыцьцё як камэдыю. Другія жывуць пачуцьцямі, і для іх зямны шлях – трагедыя. Алесь Асташонак належаў да другіх. Зь ім бывала ўдумна, бывала весела, бывала нясьцерпна, але ніколі не бывала сумна.

Кім толькі ён ні працаваў – перакладчыкам у Альжыры, выхавальнікам у ПТВ, выкладчыкам францускае мовы, рэдактарам часопісу “Крыніца”, асыстэнтам псыхіятра й асыстэнтам нарколяга... Але на сваім месцы Алесь быў адно за пісьмовым сталом.

Ён цікава й імкліва пачынаў. Прадмову да яго першай кнігі прозы “Фарбы душы” (1989) напісаў Алесь Адамовіч. Асташонкава п’еса “Камэдыянт” пасьля сцэнічнага ўвасабленьня зьявілася ў вэрсіі мастацкага тэлефільму, а іншы фільм паводле Алесевага сцэнару – “Сон” – атрымаў першую прэмію на міжнародным конкурсе ў Гішпаніі. Нашыя дзеці чыталі ў ягоных перакладах на беларускую “Востраў скарбаў” Стывэнсана й “Плянэту малпаў” П’ера Буля.

Ён быў ня з тых літаратараў, што хаваюцца пад пісьмовым сталом ад падзеяў у краіне. Яго адметнае аблічча памятаюць удзельнікі гістарычных “Дзядоў” 1988-га, пасьля якіх Асташонак доўга ачуньваў ад хрыбеталомнага ўдару прафэсіянала ў цывільным. Я быў сьведкам Алесевых пакутаў, бо пасьля тых падзеяў на мяне палявала міліцыя, і дом Асташонка на некалькі тыдняў стаўся маім прытулкам.

Аднак нязьмерна цяжэйшымі для яго заўсёды былі пакуты душы – па-дзіцячаму даверлівай, наіўнай і безабароннай. Аднойчы, начытаўшыся газэтаў, Алесь прыйшоў у бар Дому літаратара і прапанаваў мне й астатнім прысутным абвясьціць бестэрміновую галадоўку пратэсту ў адказ на нейкую заяву прэм’ера Кебіча. Што б прапанаваў Асташонак, пагартаўшы сёньняшнія незалежныя газэты (якіх, зрэшты, ўжо амаль не засталося)?

Але ён не чытаў іх. Дзесяць гадоў таму ён мусіў пакінуць Беларусь – хоць і не з палітычных прычынаў, аднак, як сам лічыў, без магчымасьці вяртаньня. Гэтае растаньне сталася фатальным.

Сёньня, у дзень яго нараджэньня, я стаю ля вакна, нібы герой Алесевай пасьмяротнай кнігі “Жоўты колер белага сьнегу” (2006), і ўяўляю, як недзе там, можа, зусім побач, Алесь таксама стаіць ля вакна і, магчыма, чуе, як я ціха прамаўляю ягонае ўлюбёнае: “Vita brevis, patria aeterna” – “Жыцьцё кароткае, радзіма вечная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG