Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каб хаця б па 800 даляраў бацькі атрымлівалі, тады можна і дваіх, і траіх, і нават чацьвярых дзяцей мець. Але ж такая сума для большасьці беларусаў амаль недасягальная"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 1 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Жэрдзеў Анатоль: ) “Наконт Мілінкевіча і Лябедзькі. Лябедзька, быццам бы, прапаноўвае зноў кангрэс. Колькі, дзьве ці пяць тысяч зноў зьбіраць? Адкуль грошы браць на разьмяшчэньне ў гатэлях, грошы на правядзеньне кангрэсу, на арэнду памяшканьня і г.д.? Гэта ж вялікія сродкі, калі праводзіць сапраўдны кангрэс, каб людзі маглі б выказацца, абмеркаваць... А колькі часу трэба! Трэба ня менш за тыдзень, каб абмеркаваць гэтае пытаньне і каб прыняць нейкае рэальнае рашэньне. Я гэтага не разумею. Няўжо такія грошы ёсьць у апазыцыі? А калі няма грошай, то няма чаго і гаварыць пра кангрэс, таму што аднадзённы ці двухдзённы кангрэс – гэта штампоўка тых рашэньняў, якія будуць прынятыя недзе ў кулюарах. Дык ня трэба кангрэсу ніякага, прымайце вы рашэньне – і ўсё. Калі я няправільна разумею, хай мне патлумачыць той, хто прапаноўвае гэты кангрэс”.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! У адносінах да “геніяльнай” ідэі нашага кіраўніцтва прымусіць беларусаў адпачываць у межах нашай краіны. За 12 год уладараньня ўлада выдала нямала прагматычных рашэньняў. Гэта рашэньне таго ж кшталту. Каб беларусы вырашалі застацца ў сваёй сінявокай, неабходна прапанаваць такія ўмовы для адпачынку, каб людзі ня думаючы адпачывалі тут, а ня марылі пра адпачынак за мяжой. Умовы ж адпачынку ў беларускіх рэаліях – тэма асобнай доўгай гутаркі. Беларускім высокапастаўленым чыноўнікам, неўязным у цывілізаваныя краіны сьвету, вельмі хацелася асудзіць на адпачынак унутры Беларусі і сваіх грамадзянаў – гэта адно з тлумачэньняў. Сяму-таму таксама ня трэба было калісьці ехаць у аўстрыйскія Альпы на лепшыя эўрапейскія курорты, а бавіць час на Дняпры, азёрах Нарач, Сьвіцязь ці ў родных вясковых хатах. Другой прычынай абсурднасьці гэтага рашэньня зьяўляецца заява ўладаў максымальна скараціць выезд за мяжу нашых грамадзянаў, каб не было магчымасьці параўноўваць узровень жыцьця, бо параўнаньне будзе яўна не на карысьць Беларусі. Адсюль жа ідзе рашэньне скараціць колькасьць дзяцей, якія адпраўляюць на аздараўленьне за мяжу. І, нарэшце, трэцяя прычына: ня даць магчымасьці ісьці грашам за мяжу”.

(Спадар: ) “Калі можна, хачу пачуць адказ на такое пытаньне. Што зараз зь Леванеўскім? Перадавалі, што ў яго сухая галадоўка, чым жа яна скончылася? У якім стане зараз знаходзіцца Леванеўскі?”

(Уладзіслаў: ) “На пытаньне тыдня, колькі я б хацеў мець дзяцей, я магу адказаць проста: ніколькі. Спачатку трэба зьмяніць сьвет да лепшага, і толькі потым думаць пра дзяцей. Адзіны чалавек, які сёньня можа дазволіць сабе нарадзіць дзяцей – гэта Лукашэнка, таму што ён сёньня кантралюе сытуацыю. У яго гэта адзіная станоўчая рыса. Усе іншыя людзі і дзеці ўсіх іншых людзей – гэта рабы Лукашэнкі ці рабы Лукашэнкавага сына, ці рабы Лукашэнкавай сыстэмы, калі разважаць у шырокім сэнсе. Нельга перакладваць на дзяцей свае канфлікты, якія засталіся вам у спадчыну ад вашых бацькоў. "І калі б не скараціліся тыя дні", – сказаў Хрыстос, – "не выратавалася б аніякая плоць". Толькі па літасьці божай вашыя дзеці, можа быць, выратуюць альбо свае жыцьці, альбо свае душы”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт Беларусі. Колькі б мы не спрабавалі зьмяніць наш строй ці наш сьветапогляд, маю на ўвазе простых грамадзянаў, усё роўна кожная краіна павінна прайсьці той шлях разьвіцьця, які яна не прайшла ў гісторыі.

Возьмем Туркмэністан. Як бы не называўся іх начальнік, першы сакратар цэнтральнага камітэту, ці неяк па-іншаму – гэта будзе падзішах, таму што яны не прайшлі гэты шлях разьвіцьця. Тое самае і ў Беларусі. Ніколі ў яе не было ні цара, ні караля, ні гасудара, таму, што б мы не рабілі б, як бы мы не спрабавалі, мы павінны прайсьці гэты шлях. Колькі ён яшчэ працягнецца – ніхто ня ведае”.

(Ніна Аляксееўна, Менск: ) “Сёньня праслухала ўсе вашыя перадачы – ніякай інфармацыі пра Казуліна. Такое адчуваньне, што пра яго забылі”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Хачу павіншаваць паважанага Аляксандра Мілінкевіча. Паважаны Аляксандар Мілінкевіч! Ад усёй душы і сэрца віншую Вас з узнагародай! Вельмі рада за тое, што Вашую прыстойную працу заўважылі і ацанілі па заслугах. Жадаю Вам радасьці, шчасьця, а галоўнае – добрага здароўя! Мы, пэнсіянэры нашага двара, вельмі спадзяемся на Вас, верым Вам і чакаем пераменаў да лепшага жыцьця”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Хацелася б ведаць меркаваньне вашых вядучых, а таксама вашых радыёслухачоў па пытаньню аб тым, што Аляксандар Лукашэнка ў адным са сваіх выступаў сказаў, што на беларускай мове нічога разумнага ня скажаш. Ці зьяўляецца такое выступленьне дыскрэдытацыяй дзяржавы альбо не?”

(Шаўчэнка Валер, Наваполацак: ) “З маленькай заўвагай наконт рашэньня ўлады аб прымусовым уладкаваньні на працу бацькоў, якія не даглядаюць сваіх дзяцей, і забароны паліць і атрымліваць тытунь да 21 году. Здаецца, што гэта, як і ва ўсіх іншых апошніх пастановах улады, барацьба не за лёс дзіцяці і падлеткаў, а за пошук новых і значных крыніцаў папаўненьня казны, законныя абрабаваньні кішэні грамадзянаў. Паленьне, як сьведчыць міравая практыка, забаронамі не спыніць, а гвалтоўны прымус бацькоў працаваць ці трымаць дзяцей на жабрацкія грашы, па-першае, парушае асноўны закон, а, па-другое, толькі пагаршае стан маленькіх. Ды і што напрацуюць бамжы- алькаголікі? Чаму існуе забарона на выезд дзяцей за мяжу без дазволу ўлады? Чаму такія вялікія кошты ў санаторыі для адпачынку?”

(Спадар: ) “Вось ужо Ізраіль па ўказаньню Амэрыкі чымсьці там узнагародзіў Мілінкевіча. Вось хоць бы адзін званок ці ліст былі на карысьць гэтага, што гэта правільна. За якія такія заслугі яго там узнагароджваюць? Ён – звычайны хуліган, парушальнік грамадзкага парадку. Яму далі 15 сутак – мала. Вось Шушкевіч Станіслаў прыйшоў, калі не парушаў – ніякіх пытаньняў не было, яго адпусьцілі. А Мілінкевіч хваліцца: улада нас баіцца, таму нас саджаюць. Да ня з гэтай прычыны іх саджаюць! Калі чалавек парушыў грамадзкі парадак – ніхто слова супраць ня скажа. А тут лямант, бо гэта Мілінкевіч! Выскачка нейкая, якога ніхто ня ведае. Далі 15 сутак, бо баяцца яго, ды ніхто не баіцца! І што б ні крычалі – бессэнсоўна ўсё, бо сутнасьць у тым, каб былі альтэрнатыўныя выбары, каб было нешта пазытыўнае ад гэтых выбараў на карысьць кагосьці іншага, акрамя Аляксандра Рыгоравіча. Трэба ня так весьці ўсю гэтую справу, як тут вядуць”.

“Вы папрасілі, каб мы задавалі пытаньні Мілінкевічу. Для чаго, навошта ў час падрыхтоўкі да выбараў ён езьдзіў па ўсёй Эўропе, па ўсім краінам? І за якія грошы ён езьдзіў? Гэта вельмі важнае і прынцыповае пытаньне. І што ён шукаў у гэтых заходніх краінах? Што ён хацеў ад іх? У чым справа? Чаму ён не да народу пайшоў, а ўсе недзе там езьдзіў? Дзе ж ён народны кандыдат у дэпутаты? Гэта па-першае.

Па-другое, ён нідзе не працуе, за якія сродкі ён жыве? Вось канкрэтна хай ён адкажа. Гэта шмат што высьветліць і значна можа зьмяніць адносіны ў тым ліку да яго”.

(Спадар: ) “Вось толькі што пачуў, як адзін чалавек назваў гадавіну сьмерці Васіля Быкава сьвятам. Я ня помню, каб у Беларусі гадавіну сьмерці чалавека называлі сьвятам”.

(Уладзімер: ) “Наконт наяўнасьці дзяцей у сем’ях беларусаў. Справа ў тым, што ў беларусаў вельмі слабы эканамічны фронт. А на сёньняшні дзень гэта вельмі ўплывае на колькасьць дзяцей. Спасылкі на тое, што пасьля вайны нічога не было, а ў сем’ях было пяць-шэсьць дзяцей, неабгрунтаваныя. Тады, сапраўды, можна было адной кашуляй абысьціся і аднымі нагавіцамі, бо былі вельмі малыя запатрабаваньні, як у дзяцей, так і ў дарослых. Цяпер жа кошт утрыманьня дзіцяці непараўнальна ўзрос і расьце з кожным годам. Таму трэба арыентавацца на сёньняшнія рэаліі. А яны такія, што беларуская сям’я нават зь сярэднім дастаткам, ня 250 даляраў, якія абодва бацькі атрымліваюць, а каб хаця б па 800 даляраў яны б атрымлівалі, тады можна і дваіх, і траіх, і нават чацьвярых дзяцей мець. Але ж такая сума для большасьці беларусаў амаль недасягальная. Таму мы маем тое, што маем. І зараз, сапраўды, ад эканомікі вельмі шмат залежыць”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі дарагія і любімыя ўнукі, сыны і дочкі! Я з вамі непасрэдна прымаць удзел у галадоўцы не магу. Я ад бальшавікоў-лукашыстаў атрымаў вельмі цяжкую траўму галавы, зрабілі апэрацыю, – але гэта ня так важна. Было б вельмі добра, каб за вамі назіраў доктар. Вы павінны берагчы сваё здароўе. Я спадзяюся на апазыцыю, Эўропу і Амэрыку, што галоўнага начальніка Беларусі хутка ўбяруць, і будуць сапраўдныя выбары, пасьля чаго пачнецца сапраўдная перабудова, і вы вельмі будзеце патрэбныя новай уладзе. Беражыце сваё здароўе, любімыя, каханыя мае ўнукі і дочачкі!”

(Спадарыня: ) “Хачу папрасіць вас, каб папрасілі ўвесь сьвет, каб дапамаглі вызваліць нашу краіну. Чула, што Ўкраіна адмовілася ад расейскага газу і нафты. Учора перадалі, што Ўкраіну акружылі НАТА. Я вельмі рада, што хоць Украіна вызвалілася. Будзем чакаць”.

(Васіль Сіліверст, Калінкавічы: ) “Тэлефануе чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст, інвалід 2-й групы. Я наконт адпачынку ў санаторыях Беларусі. Лічу, што адпачывае зараз у санаторыях Беларусі чыноўнік, так званы інвалід Чарнобылю. Мы, простыя ліквідатары, праходзім у гэтых санаторыях мэдычную рэабілітацыю тады, калі пуцёўку мы атрымаем. Я таксама праходзіў гэты курс лячэньня ў санаторыі імя Леніна гораду Бабруйску, які, дарэчы, зараз ужо не існуе, відавочна, з-за фінансавых цяжкасьцяў.

У санаторыі Беларусі трапіць сёлета немагчыма па прычыне недастатковага фінансаваньня з боку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Відавочна, тыя людзі, якія зараз знаходзяцца пры ўладзе, не зацікаўлены ў тым, каб санаторным шляхам зьніжаць інваліднасьць у ліквідатараў. Такім чынам, я лічу, калі ў бліжэйшы час у Менску гэта праблема ня будзе пераглядацца, тады, нягледзячы на тое, што Чарнобыльская станцыя імя Леніна ўжо не існуе, таксама санаторыю імя Леніна ў Бабруйску ўжо няма, на жаль, але застаецца адзін шлях: для нас, ліквідатараў, пабудаваць у Беларусі агульныя могілкі для ахвяраў Чарнобылю і іх таксама назваць могілкамі імя Леніна”.

(Пэнсіянэрка, Менск: ) “Вось мы ўжо і дачакаліся, што і дзеці пачалі выражаць свой пратэст супраць дзеяньняў улады. Але яны глухія да гэтых пратэстаў і робяць сваю справу, адпаведна іх погляду на тыя падзеі, якія адбываюцца ў краіне: адных саджаюць, другіх адпускаюць на волю. Яны не разумеюць, што чым больш яны будуць займацца гэтай справай, тым больш будзе незадаволеных. Але я асабіста супраць таго, каб дзеці абвяшчалі галадоўку. Нельга гэтага рабіць. Трэба, каб дарослыя, апазыцыянэры больш рашуча дамагаліся нейкіх пераменаў, знаходзілі шляхі для свайго ўнутранага аб’яднаньня, і трэба ставіць пэўныя пытаньні дзеючым уладам; дамагаліся таго, каб апазыцыя мела пэўныя ўзьдзеяньні на ўладу. Адна парада: аб’яднайце свае сілы. І ўсё павінна адбывацца мірным шляхам”.

(Спадарыня: ) “Паважаная “Свабода”! Мне хочацца зьвярнуцца да сяброў “Маладога фронту”, якія распачалі галадоўку пратэсту супраць палітычнага перасьледу іх сяброў. Дарагія хлопцы! Улада ў нас у вышэйшай ступені цынічная і антынародная, яна зробіць выгляд, што нічога ня ведае пра ваш мужны ўчынак. Вам трэба берагчы сваё здароўе. Краіна некалі абавязкова ацэніць вашы намаганьні”.
XS
SM
MD
LG