Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі ў Салігорску далучаюцца новыя людзі


Севярын Квяткоўскі, Салігорск Апошні з тых, хто далучыўся – моладзевы актывіст Глеб Сандрас. Большасьць удзельнікаў галадуюць чацьверты дзень. На цяперашнюю хвіліну разам – восем асобаў, зь якіх трое непаўнагадовыя: браты Іван ды Ільля Шылы, а таксама Хрысьціна Самойлава. Патрабаваньні галадоўнікаў застаюцца нязьменнымі – вызваленьне палітычных зьняволеных, спыненьне перасьледу сябраў "Маладога Фронту" і аднаўленьне на вучобе ўдзельніка намётавага лягеру на Плошчы Максіма Сяменчыка. У гэты момант на сувязі з Салігорску – Севярын Квяткоўскі, які знаходзіца побач з удзельнікамі акцыі пратэсту.

Сёньня раніцай маладых людзей наведалі лекары, якія засьведчылі, што ў большасьці стан здароўя прымальны. Сёньня вечарам чакаецца падобны кантрольны візыт мэдыкаў. Галадоўнікі п''юць розныя напоі: сокі і мінэральныя воды. Намагаюцца менш рухацца. Некаторыя скардзіліся на болі ў галаве і жываце, але збольшага трымаюцца добра. Я перадаю слухаўку Глебу Сандрасу, які далучыўся да галадоўнікаў зусім нядаўна.

(Карэспандэнт: ) "Глеб, твой учынак эмацыйны, ці ты спадзяесься на практычныя вынікі галадоўкі?

(Сандрас: ) "Так, у першую чаргу, я хачу быць побач са сваімі сябрамі з "Маладога Фронту". І спадзяюся, што гэтая акцыя пратэсту яшчэ больш нас аб''яднае. І прыцягне ўвагу грамадзкасьці да праблемы палітычнага перасьледу ў Беларусі".

Варта прызнаць, што большасьць салігорцаў папросту ня ведае пра акцыю. А тыя выпадковыя мінакі, што бачаць на бальконе галадоўнікаў бел-чырвона-белы сьцяг і плякат са словам "Галадоўка", ня ведаюць, хто канкрэтна і дзеля чаго галадае.

Цікава, што ў будынку, дзе ладзіцца акцыя, месьціцца тэлеканал салігорскага гарвыканкаму – "СТК". У дырэкцыі тэлеканалу мне паведамілі, што дадуць інфармацыю пра акцыю толькі калі будзе згода кіраўніцтва гораду.

Тым часам, дзесьці праз гадзіну зь Менску прыедзе дэлегацыя сябраў Аб''яднанай дэмакратычнай партыі, якія жадаюць выказаць сваю падтрымку салігорскім юнакам. Сёньня ж галадоўнікам тэлефанаваў Марыюш Машкевіч – былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, вязень Акрэсьціна, – які таксама выказаў словы падтрымкі. А ўвечары да ўдзельнікаў акцыі прыйдуць сябры, якія запаляць сьвечкі ў цэнтры Салігорску на знак салідарнасьці з галадоўнікамі.
XS
SM
MD
LG