Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск спрабуе дамовіцца з "Газпромам"


Радыё Свабода, Менск У Маскве сёньня знаходзілася беларуская дэлегацыя, якая прыяжджала на перамовы з расейскім акцыянэрным таварыствам “Газпром” наконт умоваў супрацоўніцтва ў 2007 годзе. Галоўным пытаньнем двухбаковых стасункаў зьяўляецца кошт расейскага паліва для беларускіх спажыўцоў.

Цягам дня прэсавая служба “Газпрому”, нягледзячы на папярэднія зьвесткі пра сустрэчу, фактычна ўтойвала яе:

“Пакуль я не магу пацьвердзіць інфармацыю, што ў нас ідуць перамовы”, казаў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Дзяніс Ігнацьеў.

Паводле назіральнікаў, бакі не зацікаўленыя ў шырокім афішаваньні перамоваў, асьцерагаючыся нэгатыўных наступстваў. Рэч у тым, што ў цэнтры гэтых перамоваў – вялікае фінансавае пытаньне, “вага” якога ацэньваецца мільярдамі даляраў.

Беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам энэргетыкі Аляксандрам Азярцом прыехала сёньня ў Маскву з адзінай мэтай. Дамагчыся на перамовах такіх умоваў супрацоўніцтва, пры якіх павелічэньне кошту газу для Беларусі будзе ня больш за 11 працэнтаў. Гэта азначае, што Менск гатовы плаціць у наступным годзе за расейскае паліва ня болей як 51,8 даляры за адну тысячу кубамэтраў. Такую пазыцыю днямі абнародаваў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка. Гэтая пазыцыя, паводле яго тлумачэньня, заснавана на сынхронным росьце з коштам газу для расейскіх спажыўцоў. Беларускі бок лічыць, што такі падыход адпавядае духу дамовы пра так званую "Саюзную дзяржаву".

Інакш лічыць “Газпром”, дзеяньнямі якога, як лічаць некаторыя экспэрты, кіруе непасрэдна Крэмль. Расейскі газавы манапаліст дамагаецца ад Беларусі перадачы пад расейскі кантроль прадпрыемства “Белтрансгаз”. Прычым, па нізкім кошце. Пры адмове Менску ад прапанаваных умоваў, “Газпром”, як паведаміла расейская газэта “Коммерсант”, зьбіраецца ў наступным годзе ўзьняць кошт свайго паліва для Беларусі да эўрапейскага ўзроўню – 200 даляраў.

З прычыны гэтых рознагалосьсяў пошук бакамі кампрамісу, паводле назіральнікаў, будзе доўгім і складаным. Вось, напрыклад, што мяркуе на гэты конт вядомы расейскі экспэрт, кіраўнік аналітычнага дэпартамэнту маскоўскага Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Тацяна Станавая:

(Станавая: ) “Я думаю, што перамовы паміж “Газпромам” і афіцыйнымі асобамі Беларусі без Лукашэнкі будуць мець фармальны, пратакольны характар. Гэта будзе пляцоўка для гандлю. Рэальна ўсе рашэньні будуць прымацца на вышэйшым узроўні – то бок Лукашэнкам і Пуціным асабіста”.

Нагадаем, цягам апошніх гадоў узаемадачыненьні “Газпрому” й Беларусі вызначаліся скандальным характарам. Расейская кампанія неаднаразова скарачала аб''ёмы паставак газу ў Беларусь з прычыны несвоечасовых разьлікаў за яго беларускім бокам. Асабліва вострыя стасункі між імі склаліся на пачатку 2004 году. Расея тады з прычыны фінансавых рознагалосьсяў на суткі прыпыніла яго пастаўкі ў Беларусь, а Беларусь, у сваю чаргу, перакрыла газаправодную сыстэму ў накірунку Польшчы, Літвы й Калінінградзкай вобласьці.
XS
SM
MD
LG