Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пройдуць сумесныя беларуска-расейскія манэўры, на якія чакаюць Пуціна


Алег Грузьдзіловіч, Менск Хутка ў Беларусі пройдуць манэўры “Шчыт Саюзу-2006”, якія стануць найбуйнейшымі за час вайсковага супрацоўніцтва Беларусі й Расеі. Паводле беларускіх вайскоўцаў, “саюзны шчыт” будзе выстаўлены невядомаму ўмоўнаму праціўніку. Незалежныя назіральнікі мяркуюць, што маецца на ўвазе НАТО.

У небе над Баранавічамі хутка зьявяцца армады беларускіх і расейскіх вайсковых самалётаў і верталётаў, а на палігонах Берасьцейскай вобласьці выйдуць тысячы вайскоўцаў і шмат баявой тэхнікі. Гэта 17 чэрвеня пачнуцца найбуйнейшыя ў гісторыі вайсковага супрацоўніцтва Беларусі й Расеі манэўры “Шчыт Саюзу-2006”.

Намесьнік міністра абароны Беларусі Сяргей Гурулёў гэтак акрэсьліў мэту будучай вайсковай гульні на сёньняшняй сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры:

(Гурулёў: ) “Галоўная мэта манэўраў — ацаніць здольнасьць беларускай і расейскай груповак, іх апэратыўную сумяшчальнасьць у выкананьні задачы ўзброенай абароны саюзнай дзяржавы”.

У апошнія гады беларускія й расейскія вайскоўцы сумесна манэўруюць штогоду некалькі разоў. Абвешчана, што манэўры “Шчыт Саюзу-2006” будуць самыя буйныя. У іх возьмуць удзел амаль 9 тысяч вайскоўцаў, кожны чацьверты зь якіх — расейскі. Паводле Сяргея Гурулёва, манэўры не скіраваныя супраць нейкай пэўнай краіны, але яны ўлічваюць, што НАТО ў Эўропе правяло за мінулы год некалькі дзясяткаў розных вайсковых гульняў.

Нагадаю, рашэньне аб правядзеньні манэўраў было прынятае ў 2005 годзе кіраўнікамі краінаў Аб’яднаньня дамовы аб калектыўнай бясьпецы, у якое ўваходзяць акрамя Беларусі й Расеі таксама Армэнія, Казахстан, Кіргізія і Таджыкістан. Аднак з гэтых краінаў пад Баранавічы прыедуць толькі назіральнікі. Паводле незалежнага аглядальніка Аляксандра Алесіна, толькі Беларусь і Расея не шкадуюць грошай на такія вялікія манэўры.

(Алесін: ) “Там у асноўным адпрацоўваюцца апэрацыі спэцпадразьдзелаў антытэрарыстычнага характару. Гэта рэальна, згадайце прарыў тэрарыстаў у Таджыкістан. А тут вайсковыя апэрацыі. Мяркую, будуць адпрацоўваць абарону ад нападу НАТО”.

Але ці магчымы напад НАТО на Беларусь? Былы міністар абароны Павал Казлоўскі мяркуе, што ад НАТО вайсковая пагроза Беларусі не сыходзіць.

(Казлоўскі: ) “Калі я размаўляю з ваеннымі аташэ іншых дзяржаваў, з амбасадарамі — бываюць розныя сустрэчы, — усе сыходзяцца ў думцы: вайсковай агрэсіі супраць Беларусі ня будзе”.

Паводле папярэдніх зьвестак, за заключнай фазай манэўраў, якая плянуецца на 24 чэрвеня, будуць назіраць кіраўнікі краінаў АДКБ, у тым ліку і расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Але ў міністэрстве абароны Беларусі пакуль ня могуць пацьвердзіць, хто з прэзыдэнтаў сапраўды прыедзе ў Баранавічы.

Каштаваць манэўры будуць болей за 4 мільярды беларускіх рублёў, альбо 2 мільёны даляраў.
XS
SM
MD
LG