Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураганны вецер перакуліў аўтобус "Neoplan" з пасажырамі


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Мінулай ноччу пры праезьдзе празь вёску Андрэеўшчына, каля Воршы, перакуліўся пасажырскі аўтобус, які ехаў па маршруце “Адэса-Рыга”. Усе пасажыры засталіся жывыя, больш сур''ёзна пацярпелі двое: 11-гадовы хлопчык (у яго страсеньне мозгу) і жанчына, у якой пашкоджаны пазваночнік.

Абое параненыя былі завезеныя ў аршанскі гарадзкі шпіталь імя Сямашкі. Па астатніх пасажыраў прыйшоў іншы аўтобус, на якім яны паехалі далей па азначаным маршруце.

Аўтобус, які перавярнуўся, быў дастаўлены ў Воршу, дзе экспэрты высьвятляюць прычыны здарэньня. Паводле адной з вэрсіяў, высокі аўтобус "Neoplan" страціў раўнавагу на адкрытым ўчастку шашы пад узьдзеяньнем парываў моцнага ветру.

Моцны вецер нарабіў уначы бяды таксама і ў вёсцы Андрэеўшчына: прынамсі на дзьвюх хатах былі пашкоджаныя дахі, да ранку адсутнічала тэлефонная сувязь, а месцамі – і асьвятленьне. Чалавечых ахвяраў не было.

Мэтэаролягі папярэджваюць, што ў гэтым рэгіёне наступнай ноччу зноў верагодны моцны вецер, а таксама істотнае паніжэньне тэмпэратуры.
XS
SM
MD
LG