Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Ралан Гарос” Беларусь прадстаўлена бел-чырвона-белым сьцягам (фота)


Ігар Карней, Менск Сёньня ўвечары тэлеканал “Эўраспорт” вёў наўпроставую трансьляцыю тэніснага матчу са знакамітых тэнісных кортаў “Ралан Гарос” у Парыжы.

У матчы другога раўнду сустракаліся беларуская спартоўка Анастасія Якімава і вядомая бэльгійская тэнісістка Жусьцін Энэн-Ардэн.

Нечакана нават для спэцыялістаў Якімава прабілася ў наступны этап, перайграўшы перад гэтым амэрыканку Джыл Крэйбас у першым коле.

І хоць менш вопытная 20-гадовая беларуска сёньня саступіла бэльгійскай зорцы (2:6, 5:7), камэнтатары вельмі высока ацанілі яе прафэсійны ўзровень. А для тэлезаўзятараў паказальным было тое, што інфармацыя пра Анастасію Якімаву, а таксама лік у гэймах і сэтах, дэманстравалася на тэлеканале "Эўраспорт" побач зь бел-чырвона-белым сьцяжком каля прозьвішча беларускі.

Такім чынам, Беларусь на адным з самых прэстыжных тэнісных турніраў была прадстаўленая пад нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам.

Прадстаўнікі беларускай грамады Бэльгіі паведамілі Радыё Свабода, што ў сувязі з гэтым маюць намер накіраваць кіраўніцтву гэтага тэлеканалу ліст з падзякай.
XS
SM
MD
LG