Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца салігорцы да галадоўкі "Маладога фронту"? (фота)


Севярын Квяткоўскі, Салігорск Жыхары Салігорску мала інфармаваныя пра галадоўку супраць перасьледу сяброў "Маладога Фронту". Ад раніцы 1 чэрвеня на бальконе кватэры ў цэнтры гораду вісіць плякат "ГАЛАДОЎКА". Міліцыя ня робіць спробаў зьняць транспарант, як гэта было на пачатку акцыі чатыры дні таму. За мінулы час у мясцовым друку інфармацыі пра акцыю не было. Тыя, хто ведаюць пра галадоўнікаў, цьмяна ўяўляюць патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі. Многія спачуваюць маладым людзям, але заклікаюць не псаваць сабе здароўе.

(Карэспандэнт: ) "Я разьмясьціўся на вуліцы проста пад бальконам з вывешаным плякатам "ГАЛАДОЎКА". Некаторыя мінакі самі заўважалі надпіс, а многія толькі пасьля майго пытаньня зьвярталі ўвагу на плякат".

(Спадарыя: ) "Ня ведаю? што гэта такое…"

(Спадар: ) "Ня ведаю, во – хтосьці з балькона галаву высунуў, трэба запытаць што за галадоўка. Я тут жыву, яны тут ужо плякат вывешвалі, і нават міліцыя яго здымала..."

(Малады рабочы: ) "Па-мойму экзамэны не здалі, іх павыганялі, вось і галадуюць".

(Хлопец: ) "Хай пагаладуюць – карысна для здароўя. Сярод іх разумных людзей пэўна няма. Яны хочуць, каб свабоду далі, каб не працаваць, і каб грошы былі".

(Карэспандэнт: ) "Вы ня ведаеце, што там за галадоўка?"

(Пэнсіянэрка: ) "Дзе?! Я ня бачу... А вось цяпер бачу. Я дагары ніколі не гляджу. Мне ўсё роўна, абы людзі нармальна жылі. А гэтыя па-мойму некампэтэнтныя нейкія ці малапісьменныя..."

Я стаўся сьведкам, як пэнсіянэр зьвяртаўся да галадоўнікаў:

(Пэнсіянэр: ) "Я зараз прыйду дадому, і затэлефаную ў выканкам! Што? Там ведаюць? Чаму меры ніхто не прыняў? Прыватная кватэра? Ну дык што? А-я-я-й!"

(Карэспандэнт: ) "А вы сустракалі інфармацыю пра галадоўку ў мясцовых СМІ?"

(Спадарыня: ) "Нічога падобнага не было".

Адзін з сустрэчных назваўся электрыкам салігорскага тэлеканалу "СТК":

(Электрык: ) "У нас пра іх інфармацыі не было. У нас усё акуратна".

Офіс каналу "СТК" месьціцца ў тым жа доме, дзе ладзіцца галадоўка. З ганку офісу добра бачны плякат на бальконе.

Я зайшоў у офіс і пацікавіўся ў галоўнага рэдактару "СТК" Сьвятланы Скрыпнік, ці перадаваў канал інфармацыю пра галадоўку?

(Скрыпнік: ) "Справа ў тым, што галадоўнікі нас не прасілі распавесьці пра гэта. Таму мы пра гэта ведаем тое ж, што звычайныя жыхары: сядзяць у кватэры, і вывешваюць плякаты".

(Карэспандэнт: ) "Але ж, гэта магло быць цікавым гледачам..."

(Скрыпнік: ) "Але мы дзяржаўны канал. Мы ня маем права ўламіцца ў прыватную кватэру, і запытаць: "А што ў вас тут творыцца?"

(Карэспандэнт: ) "А калі б яны вас пусьцілі?"

(Скрыпнік: ) "Запросяць – прыйдзем".

Гладоўнікі спэцыяльна нікога не запрашаюць, але адкрываюць усім, апроч міліцыі. Вось словы аднаго з наведнікаў – рабочага Сяргея Клязовіча:

(Клязовіч: ) "Я разумею іхныя патрабаваньні, але галадоўка пагражае іхнаму здароўю".

Дзяўчына са значкам "Я люблю Беларусь", якая ішла міма балькону з плякатам "ГАЛАДОЎКА", прызналася, што дакладна ня ведае патрабаваньні галадоўнікаў пад бел-чырвона-белым сьцягам:

(Дзяўчына: ) "...Але я іх падтрымліваю".









Здымкі даслаў на фотаконкурс свабоды Алесь Міхалок, Салігорск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG