Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: з могілак скралі бронзавы бюст героя Савецкага Саюзу


Радыё Свабода У Магілёве з каталіцкіх могілак невядомыя скралі бронзавы бюст героя Савецкага Саюзу Андрэя Мельнікава, які загінуў у Аўганістане. Помнік вагай 50 кіляграмаў быў выраблены на замову маці загінулага, на ейныя сродкі й ахвяраваньні вэтэранаў-аўганцаў.

Гэта ня першы выпадак, калі апаганьваюць магілу воіна-аўганца. Колькі часу таму ўжо кралі бронзавыя фрагмэнты надмагільнае аздобы.

У аддзеле грамадзкіх сувязяў абласнога Ўпраўленьня ўнутраных справаў паведамілі, што бюст быў скрадзены ноччу з 25 на 26 траўня. Злачынцы дагэтуль ня знойдзеныя, вядзецца пошук. Верагоднасьць таго, што яны будуць выкрытыя, як лічаць у міліцыі, высокая. Скралі бюст ня дзеля папаўненьня прыватнае калекцыі, але на продаж у якасьці лому каляровых мэталаў, адзначылі ў аддзеле грамадзкіх сувязяў.

У міліцыі заявілі, што трымаюць пад кантролем сетку нелегальных пунктаў прыёму каляровых мэталаў. За апошні час у горадзе не зафіксаваныя выпадкі буйных крадзяжоў і збыту каляровых мэталаў.
XS
SM
MD
LG