Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М.Аўтуховіч страціў ад голаду прытомнасьць, яму ставілі кропельніцу


Радыё Свабода Сёньня ў Горадні ў Кастрычніцкім раённым судзе працягваўся працэс па крымінальнай справе супраць Мікалая Аўтуховіча, які галадае за кратамі з 13 красавіка.

Высьветлілася, што пасьля апошняга судовага паседжаньня ў мінулы аўторак ён страціў прытомнасьць, і яго паклалі ў турэмнай мэдчасьці пад кропельніцу. Сёньня падсудны выглядаў значна лепей, быў упершыню паголены й пастрыжаны й актыўна ўдзельнічаў у працэсе. Праўда, ён па-ранейшаму заяўляе, што галадоўкі ня спыніць, пакуль яму ня зьменяць меры стрыманьня.

Турэмны фэльчар, які другі раз дзяжурыў у судзе каля клеткі з М.Аўтуховічам, перадаў судзьдзю Мікалаю Рачынскаму хадайніцтва з просьбай не зацягваць працэс з увагі на здароўе падсуднага — яго трэба шпіталізаваць.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць у тым, што ён, ажыцьцяўляючы ў Ваўкавыску пасажырскія перавозкі на ўласных таксоўках, не заплаціў усіх падаткаў — а гэта пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму пагражае абмежаваньне свабоды (так званая “хімія”) альбо зьняволеньне да 7 гадоў і канфіскацыя маёмасьці. Цяперашняя галадоўка падсуднага за кратамі — другая. Першы раз ён галадаў 74 дні, і яго выпусьцілі пад хатні арышт. Празь некаторы час Аўтуховіч уцёк і хаваўся, яго затрымалі цераз два месяцы й зноў узялі пад варту.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 2 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG