Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На галоўнай плошчы Берасьця працягваецца пратэст


Радыё Свабода, Берасьце На ўдзельнікаў акцыі ў Берасьці, якая пачалася апоўдні 31 траўня й мусіць працягвацца 24 гадзіны, міліцыянты склалі пратаколы за правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства.

Акцыя, у якой бяруць удзел прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў Берасьця, ладзіцца ў падтрымку сяброў “Маладога фронту”, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы. Самі ўдзельнікі назвалі акцыю "Вартай маўчаньня". Падчас мерапрыемства маладыя людзі моўчкі стаяць на плошчы Леніна, чытаюць Біблію й іншыя кнігі.

Позна ўвечары 31 траўня супрацоўнікі Ленінскага РАУС Берасьця прыяжджалі да месца правядзеньня акцыі й двойчы забіралі ейных удзельнікаў у пастарунак “дзеля разьбіральніцтва”. Пасьля трох гадзінаў затрыманьня маладых людзей адпускалі без складаньня пратаколаў.

Раніцай 1 чэрвеня міліцыянты затрымалі яшчэ пяцёх чалавек — Андрэя Шарэнду, Юрася Бакура, Натальлю Харытанюк, Натальлю Касьцюковіч, Юрася Кліменку — і ў раённым аддзеле міліцыі склалі на іх пратаколы нібыта “за правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства”. Чакаецца, што ўжо сёньня паводле гэтага абвінавачаньня адбудуцца суды над удзельнікамі "Варты маўчаньня".
XS
SM
MD
LG