Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя асобы ва ўладзе і ў апазыцыі паказваюць прыклад — ня паляць


Ігар Карней, Менск Традыцыйна 31 траўня ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень без тытуню. А ці гатовыя хоць на адзін дзень у год адмовіцца ад заганнай звычкі заўзятыя курцы ў Беларусі?

Паводле Міністэрства аховы здароўя, кожны трэці жыхар Беларусі з той ці іншай рэгулярнасьцю паліць (34,3% ад усяго насельніцтва). І хоць ад хваробаў, выкліканых тытунём, штогоду памірае каля 15 тысяч чалавек, амаль кожны курэц скажа, што разьвітацца са звычкай надзвычай цяжка.

Прыклад устрыманьня ад паленьня дэманструюць як першыя асобы ў дзяржаве, так і лідэры апазыцыі. Цыгарэта ў зубах палітыка — хутчэй выключэньне, чым заканамернасьць. А вось генэрал Валеры Фралоў пакуль што са звычкай завязаць ня можа й зайздросьціць тым, хто не залежыць ад спакусы.

(Фралоў: ) “Казулін ня паліць, Мілінкевіч ня паліць, Вячорка, Лябедзька, Калякін таксама ня паляць. Ну, што скажаш — добрыя хлопцы. Дый “бацька” у нас таксама ня паліць. І ягоныя падначаленыя, бывае, чатыры гадзіны сядзяць на паседжаньньях і таксама трымаюцца — а куды падзенесься?.. Зрэшты, ня ведаю, можа наш народ з той пароды, калі патрабуецца ўвесь час яго ў плечы штурхаць: і да добрага жыцьця, і да непаленьня. Але ж, ну як, мужык калі вып’е — і не закурыць? Тым больш, шмат па тэлевізары паказваюць, як паляць усялякія там дзеячы, кінагероі паляць. Вось і вы затэлефанавалі, дык зараз пайду перакуру”.

На дзяржаўным узроўні раз-пораз узьнікаюць спробы радыкальных захадаў супраць курцоў.

Днямі віцэ-прэм’ер Аляксандар Касінец абвясьціў пра законапраект, паводле якога будзе забаронена паленьне асобам ва ўзросьце да 21 году. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол патрабаваў забараніць паленьне за рулём аўтамабіля (у адказ на гэта адзін з дэпутатаў выказаўся, што ў кабінэце самога Хрола заўсёды дыму як на пажары). Зрэшты, так званая “курылка” ў Доме ўраду — месца досыць ажыўленае. Тут можна сустрэць, апроч Хрола, дэпутатаў Здановіча, Абрамаву ды іншых. Аднак званьне курца №1 бліжэйшым часам пабіць наўрад ці каму ўдасца: былы прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын паліў, як кажуць, адну за адной. У сваю чаргу, Вольга Абрамава так пракамэнтавала ўрадавую ініцыятыву наконт узроставага цэнзу для курыльшчыкаў:

(Абрамава: ) “Мне здаецца, што гэта невыканальная задача. Таму што паўналетнія людзі маюць права прымаць такое рашэньне самі. Тэарэтычна — так, усё гэта добра, але як вы абмяжуеце чалавека, які цалкам дзеяздольны ў яго, у тым ліку, і нэгатыўных правох? Чалавек можа ствараць сям’ю, але пры гэтым ня можа паліць? І ў войска могуць забраць з 18, а паліць — толькі з 21? Тут нешта не супадае”.

Вытворцы тытунёвых вырабаў усяляк імкнуцца загладзіць сваю віну перад часткай грамадзтва, якая ня паліць. Найбуйнейшыя вытворцы цыгарэтаў — яшчэ і магутныя спонсары, перадусім спартовых і культурных мерапрыемстваў. Прыкладам, нядаўна беларускае прадстаўніцтва кампаніі “British American Tobacco” фундавала выставу вядомага мастака Ўладзімера Цэсьлера ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. Дарэчы, сам спадар Цэсьлер — “злосны курыльшчык”, якому аднаго пачка на дзень не хапае.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна казаць, што такімі дабрачыннымі акцыямі тытунёвыя вытворцы кампэнсуюць нэгатыўную рэакцыю на свой адрас?”

(Цэсьлер: ) “Наўрад ці. Магчыма, яны гэта робяць, каб лішні раз нагадаць пра сябе. У любым выпадку, ад гэтых акцыяў складана кінуць паліць. Прынамсі, сёньня, у такі дзень, паспрабую крыху меней. Адзін раз было, што амаль год не паліў, а потым зноў пачаў”.

(Карэспандэнт: ) “Дык для творчага чалавека гэта ў пэным сэнсе стымул?”

(Цэсьлер: ) “Пэўна, што так. Я вось чытаў успаміны Бродзкага, дык ён нават уявіць сабе ня мог, што паліць ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “І за сваё здароўе вы не хвалюецеся?”

(Цэсьлер: ) “Ну, калі па шчырасьці, то не”.

Ва Ўсясьветны дзень без тытуню ў Менску зьявілася “зона непаленьня” — Менскі заапарк. У ранейшыя гады такімі зонамі абвяшчаліся дзіцячы парк імя Горкага й Батанічны сад.
XS
SM
MD
LG