Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Маскве чакаюцца беларуска-расейскія перамовы па газу


Радыё Свабода На сёньня ў Маскве заплянаваныя перамовы прадстаўнікоў Беларусі і расейскага акцыянэрнага таварыства “Газпрам”. Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць цану расейскага газу, які пастаўляецца беларускім спажыўцам. Чаго чакаць ад гэтых перамоваў?

Прадстаўляць Беларусь на перамовах з “Газпрамам” будуць міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц і генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Дзьмітры Казакоў. Якую пазыцыю яны зоймуць на гэтых перамовах? Ці будуць абмяркоўвацца нейкія новыя ініцыятывы? Адказваючы на гэтыя пытаньні Радыё Свабода, памочнік міністра энэргетыкі Андрэй Жукаў зазначыў.

(Жукаў: ) “З той пазыцыяй, зь якой мы езьдзілі і ў першы раз. Тут, у прынцыпе, наша пазыцыя не мянялася”.

(Карэспандэнт: ) “Нагадайце, у чым яе сутнасьць?”

(Жукаў: ) “Мы прапаноўваем ў сваёй пазыцыі павялічыць цану газу на 11 працэнтаў да ўзроўню мінулага году”.

Лічба ў 11 працэнтаў у пазыцыі беларускага боку зьявілася не выпадкова. Такое павелічэньне кошту газу Расея мяркуе ўвесьці ў 2007 годзе для сваіх унутраных спажыўцоў. Беларусь лічыць, што гэты падыход павінен распаўсюджвацца і на яе. Сёлета Менск атрымлівае расейскі газ па 46,68 $ за адну тысячу кубамэтраў. 11-працэнтны рост азначае, што беларускі бок хоча разьлічвацца з “Газпрамам” па цане ў 51,8 $.

“Газпрам” жа з такой прапановай ня згодны. Паводле дасьведчаных крыніцаў, першапачаткова кампанія выказалася за трохразовае павелічэньне, то бок па 145 даляраў за тысячу кубамэтраў паліва. Аднак днямі маскоўская газэта “Камэрсант” паведаміла, нібыта кошт уздымаецца ажно да 200 даляраў. Варта зазначыць, што новая прапанова, паводле “Камэрсанту”, зьявілася пасьля таго, як на адрас расейскага ўраду беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі даслаў ліст, у якім заяўлена, што дзеяньні Расеі фактычна разбураюць аснову так званай Саюзнай дзяржавы. Паводле некаторых назіральнікаў, гэтак жорстка Масква адрэагавала на шантаж афіцыйнага Менску.

Беларускі бок працягвае настойваць, што саюзныя дамоўленасьці прадугледжваюць існаваньне роўных эканамічных умоваў для суб’ектаў гаспадараньня дзьвюх краінаў. У сваю чаргу прэсавы сакратар “Газпраму” Сяргей Купрыянаў падкрэсьліў, што “беларуская” цана на газ у 2007 годзе “будзе залежаць ад таго, якія крокі зробіць Беларусь для задавальненьня эканамічных патрэбаў “Газпраму”. Якіх вынікаў можна чакаць ад сёньняшніх перамоваў? Вось што сказаў Радыё Свабода загадчык аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Аляксандар Фадзееў.

(Фадзееў: ) “Я мяркую, што вось гэтыя перамовы нічым не завершацца, канкрэтных вынікаў чакаць ад іх нельга. Я думаю, гэта толькі пачатак працэсу. Перамовы будуць цягнуцца доўга, бо пакуль пазыцыі бакоў ніяк ня сходзяцца. Тут вельмі жорсткая пазыцыя “Газпраму”. Сур’ёзнасьць гэтых намераў беларускім бокам, як мне падаецца, не ўсьведамляецца”.
XS
SM
MD
LG