Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень абароны дзяцей


Радыё Свабода Беларусь зьяўляецца дзяржавай-падпісанткай шэрагу міжнародных дакумэнтаў у справе абароны правоў дзяцей. У краіне таксама існуе закон “Аб правах дзіцяці”. Акрамя таго, напярэдадні 1 чэрвеня прынятая чарговая прэзыдэнцкая праграма “Дзеці Беларусі”, разьлічаная да 2010 году.

Прэзыдэнцкая праграма сярод іншага скіраваная на павелічэньне нараджальнасьці ў Беларусі. Паводле прадстаўнікоў уладных структураў, дзяржава робіць усё, каб палепшыць дэмаграфічную сытуацыю. Гаворыць галоўны пэдыятар міністэрства аховы здароўя Натальля Галькевіч.

(Галькевіч: ) “Падвышэньне нараджальнасьці, яно, канечне, абумоўлена многімі прычынамі. Ня толькі мэдычнымі, але й эканамічнымі, сацыяльнымі, палітычнымі. Што залежыць ад мэдыцыны – мы робім усё, лекаваньне ў нас бясплатнае”.

Паводле спадарыні Галькевіч, бясплатна выдаюцца лекі рознай катэгорыі хворым, а дзеці, што пакутуюць на фэнілкетанурыю (гэта цяжкае захворваньне, зьвязанае з парушэньнем абмену рэчываў), атрымоўваюць бясплатнае харчаваньне. Такія хворыя маюць патрэбу ў лекавым харчаваньні пажыцьцёва. Але бацькі хворых дзяцей у Беларусі маюць з гэтым вялікія праблемы. Вось што паведаміла Свабодзе маці аднаго з такіх малых, спадарыня Сьвятлана.

(Сьвятлана: ) “Нашы дзеці сапраўды атрымліваюць гэтае харчаваньне бясплатна, але як яны атрымліваюць? Бывае па 5-7 месяцаў няма. Адбываецца самаатручваньне арганізма. І калі зь першых дзён не прымаць гэтыя лекі, то дзіця ніколі ўжо здаровым ня будзе”.

Як паведаміла спадарыня Сьвятлана, многія жанчыны, хворыя на фэнілкетанурыю, падчас цяжарнасьці вымушаныя яе перапыніць з прычыны адсутнасьці лекаваньня. Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, толькі з мэдычных паказаньняў у Беларусі перапыняюць цяжарнасьць 570 жанчын штогод. Менавіта права на здароўе – адно з галоўных і першасных правоў дзіцяці – у Беларусі парушаецца сыстэматычна, кажа кіраўніца праваабарончага Беларускага хэльсынскага камітэту Тацьцяна Процька.

(Процька: ) “На жаль, сёньня нашы дзеці вельмі хворыя. І краіна пра гэта зусім не клапоціцца, ніхто не гаворыць пра тое, што “дарослыя” хваробы перайшлі на вельмі маленькіх дзяцей. Тое, што дзеці не атрымоўваюць паўнавартаснага харчаваньня. Для гэтага эканамічная аснова грамадзтва павінна быць іншая. Таму, пакуль у нас сытуацыя ня зьменіцца, у нас і будуць праблемы дэмаграфічныя. І ніякае заахвочваньне дзяржавы мець болей дзяцей, ніякія заклікі з вуснаў кіраўніцтва дзяржавы ўплыву на простых людзей ня будуць мець”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня амаль 60% беларускіх сем’яў маюць толькі адно дзіця, дваіх – 35%, трох і больш малых гадуюць толькі 6% сем’яў. Усяго ў Беларусі цяпер каля 2 мільёнаў дзяцей. Каля 33 тысячаў зь іх – дзеці-сіроты, якія выхоўваюцца ў дамах-інтэрнатах, і гэтая лічба павялічваецца на тры тысячы штогод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG