Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорск: Да галадоўкі маладафронтаўцаў далучаюцца новыя ўдзельнікі (фота)


Радыё Свабода, Салігорск Сябры незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" патрабуюць перапыненьня крымінальнага ціску сваіх сяброў з боку дзяржавы. У галадоўцы бяруць удзел непаўнагадовыя "маладафронтаўцы" Іван ды Ільля Шылы і Хрысьціна Самойлава, а таксама Максім Сяменьчык і Сяржук Пацкевіч. Напярэдадні да іх далучыўся актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў. Маладыя людзі сабраліся ў прыватнай кватэры ў цэнтры гораду і вывесілі з балькону бел-чырвона-белыя сьцягі -- акурат насупраць галоўнага будынку вытворчага аб''яднаньня "Беларуськалій" і гарвыканкаму.

Уладзімер Лемеш -- так завуць маладога салігорца, які далучыўся да галадоўкі 31 траўня.

Пакуль большасьці ўдзельнікаў акцыі хапае сілаў, каб слухаць музыку, чытаць, сачыць за падзеямі праз інтэрнэт, і абмяркоўваць пляны на будучыню. Адна ўдзельніца -- Хрысьціна Самойлава -- гаворыць, што адчувае млявасьць.

Удзельнікі галадоўкі не ўжываюць нічога апроч вадкасьцяў і вітамінаў. Паводле братоў Шылаў, на іхных бацькоў робіцца ціск з боку адміністрацыі школы нумар 4, дзе вучацца хлопцы. Дарэчы, бацькі -- Ўладзімер і Сьвятлана Шылы -- падзяляюць погляды сваіх сыноў, але хвалююцца за здароўе дзяцей, і выступаюць супраць галадоўкі, якую лічаць крайнім сродкам.

За кватэрай сочыць міліцыя, якая з дапамогай тэхнікі ўздымалася да ўзроўню балкону, каб зьняць надпіс "Галадоўка" і пагутарыць з удзельнікамі акцыі.



30 траўня ўдзельнікі акцыі перадалі свае патрабаваньні ў салігорскую пракуратуру. "Наша галадоўка бестэрміновая. Мы патрабуем ня толькі спыненьня перасьледу нашых сяброў з "Маладога Фронту", але аднаўленьня нашага актывіста Максіма Сяменьчыка ў салігорскім ПТВ. Максім быў выключаны пасьля таго як адсядзеў 10 сутак у жодзінскай турме за ўдзел ў сакавіцкіх падзеях на Плошчы" -- патлумачыў трынаццацігадовы Ільля Шыла.

Брат Ільлі -- Іван 31 траўня здаваў першы экзамен за 9 кляс -- дыктоўку па беларускай мове. Іван трымаецца бадзёра:

(Шыла: ) "У нас добры настрой. Ужо больш за дзесяць нашых сяброў заявілі, што цягам тыдню далучацца да нашай акцыі. Я веру, што мы зьменім сытуацыю".

Бліжэйшым часам чакаюцца візыты маральнай падтрымкі палітыкаў, і грамадзкіх дзеячоў -- зь Менску, Слуцку і, магчыма, іншых гарадоў. А прадстаўнікі салігорскай філіі Беларускага Гэльсінскага Камітэту зьвярнуліся да ўладаў з просьбай арганізаваць мэдычнае назіраньне за галадоўнікамі.





На здымках: капітан Генадзь Міхнавец уздымаецца да балкону галадоўнікаў, каб правесьці перамовы. Участковы Мікалай Драбуцька размаўляе з Іванам Шылам з суседзкага балкону.
XS
SM
MD
LG