Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача "Імёны Свабоды": Ігнат Канчэўскі


Уладзімер Арлоў, Менск Травень 1896, Вільня – 23.4.1923, Вільня

Чытачы аповесьці Максіма Гарэцкага “Дзьве душы”, безумоўна, памятаюць яе галоўнага героя – Ігната Абдзіраловіча. Менавіта гэтае імя ўзяў для псэўданіму філёзаф, паэт і публіцыст Ігнат Канчэўскі. Невыпадкова і тое, што і аповесьць Гарэцкага і праграмнае маральна-філязофскае эсэ Канчэўскага-Абдзіраловіча “Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду” на доўгія дзесяцігодзьдзі былі схаваныя ад абкрадзенай беларускай душы ў спэцфондах. Сучасны філёзаф Уладзімер Конан параўнаў адсутнасьць згаданых твораў у нашым нацыянальным кантэксьце з сытуацыяй, калі б, да прыкладу , расейскага чытача пазбавілі кніг Льва Талстога або Ўладзімера Салаўёва.

У Першую сусьветную Канчэўскі мусіў зьмяніць аўдыторыі Маскоўскага ўнівэрсытэту на казармы школы прапаршчыкаў і франтавыя акопы. Пазьней, у халодным і галодным Менску, дзе бясконца мяняецца ўлада, ён нажыў сухоты, што абмяжуюць яго зямную дарогу ўсяго 27 гадамі.

Як і Гарэцкі, Ігнат Канчэўскі, толькі сваімі сродкамі, дасьледаваў мэтафізыку, таемны драматызм і містычнасьць быцьця нацыі, зьвязаныя зь яе гістарычным лёсам. Паводле ягонае канцэпцыі, беларускі сьветапогляд узьнік у выніку спрадвечнай барацьбы двух тыпаў культуры – заходняга і ўсходняга. Цягам сваёй тысячагадовай гісторыі беларусы так і не змаглі канчаткова далучыцца ні да аднаго, ні да другога. У гэтай раздвоенасьці Канчэўскі бачыў трагедыю нашага народу.

Ён лічыў непрымальным для беларусаў і “заходняе” мэсыянства і – яшчэ больш – мэсыянства “ўсходняе”, пад якім разумеў найперш расейскае імкненьне да суцэльнае уніфікацыі: то “уся ўлада цару”, то “ўся ўлада саветам”, што непазьбежна вядзе да таталітарызму і тыраніі.

Надрукаванае ў 1921-м у Вільні эсэ “Адвечным шляхам”, якое сталася ягонай лебядзінай песьняй, варта перачытаць і нам, беларусам сёньняшнім. Стоячы на парозе жыцьця й сьмерці, філёзаф не патанаў у чорным пэсымізьме й сьмерці. Ён лічыў, што насуперак антынацыянальным сілам Беларусь будзе выратаваная культурным адраджэньнем, духоўнай, гаспадарчай і сацыяльна-палітычнай творчасьцю. На думку Канчэўскага, паўстаньне супроць існых формаў палітычнага быцьця – ня самы плённы шлях, бо ён вядзе да разбурэньня творчых сілаў нацыі. Аднак ва ўмовах, калі народ пазбаўляюць свабоды творчасьці, адбіраць магчымасьць разьвіваць нацыянальную культуру, застаецца альтэрнатыва: альбо рэвалюцыйны выбух, альбо духоўная дэградацыя і пагроза нацыянальнага нябыту.
XS
SM
MD
LG