Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У галадоўцы актывістаў “Маладога фронту” ўдзельнічае 21 чалавек


Радыё Свабода Да гэтай акцыі пратэсту далучыліся новыя моладзевыя актывісты ў Салігорску, Горадні й Кіеве. Дзевяцёра менскіх галадоўнікаў сёньня правялі нараду й прынялі зварот да гарадзкой пракуратуры: неадкладна вызваліць маладых палітычных вязьняў і спыніць крымінальны перасьлед з палітычных матываў.

Да галадоўкі актывістаў “Маладога фронту” цягам апошніх сутак далучылася пяцёра чалавек. У Горадні гэта трэцякурсьнік мэдунівэрсытэту Андрусь Фамін і 10-клясьніца Вольга Смалянчук. У Салігорску 24-гадовы сябра Партыі БНФ Павал Батуеў і актывістка Хрысьціна Самойлава. У Кіеве маладафронтавец Ігар Шчакарэвіч. Але найбольшая колькасьць удзельнікаў галадоўкі ў Менску — дзевяць чалавек. Многія зь іх цяпер паралельна з галадоўкай здаюць іспыты ў школах і ўнівэрсытэтах. Таму сёньня яны сабраліся на нараду, каб скаардынаваць свае дзеяньні. Гаворыць маладафронтавец Зьміцер Хведарук:

(Хведарук: ) “Наша галадоўка бестэрміновая. Нашае патрабаваньне — спыненьне крымінальных справаў супраць “Маладога фронту”. Да азнаямленьня маладафронтаўцаў зь іхнымі крымінальнымі справамі мы будзем галадаваць, гэта 100 адсоткаў”.

(Карэспандэнт: ) “А такім, даволі радыкальным крокам, можна прыцягнуць увагу грамадзкасьці да тых крымінальных справаў, да палітзьняволеных маладых актывістаў?”

(Хведарук: ) “Я ўпэўнены, што так. Бо, дзякуй Богу, беларуская моладзь цяпер можа вырашыць справу нават сваіх старэйшых сяброў. Бо цяпер толькі моладзь бярэ на сябе адказнасьць за падзеі ў Беларусі. Я ўпэўнены, што менавіта гэтая галадоўка мусіць зьвярнуць увагу на такую вялікую праблему рэпрэсіяў у Беларусі”.

Менскія маладафронтаўцы галадаюць ужо другі дзень, і я запытаўся ў іх — як пачуваюцца. Гаворыць Антаніна Вежнявец:

(Вежнявец: ) “Насамрэч гэта ўжо ня першая галадоўка. Таму другі дзень не асабліва цяжка. І думаю, што калі мы будзем галадаць тыдзень і больш, то цяперашні стан ня страшны. Наадварот, ёсьць самападтрымка, што гэта дзеля справы. І, спадзяюся, гэта дасьць нейкія вынікі”.

Менскія маладафронтаўцы рыхтуюцца да бестэрміновай галадоўкі. Сёньня яны прынялі зварот да гарадзкой пракуратуры з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Паўла Севярынца, Артура Фінькевіча, Зьмітра Дашкевіча й Сяргея Ляшкевіча, а такама спыніць крымінальны перасьлед іншых моладзевых актывістаў. Гаворыць галадоўнік Павал Давідовіч:

(Давідовіч: ) “Будзем трымацца да апошняга. Будзем галадаваць, пакуль улады ня спыняць свайго ціску”.

У менскіх галадоўнікаў пакуль няма магчымасьці праводзіць сваю акцыю ў адным месцы. Няма адпаведнага памяшканьня. Цяпер яны занятыя пошукам кватэры, каб далей трымаць галадоўку разам.

Разам у гэтай галадоўцы пратэсту ўдзельнічае 21 чалавек. Зьміцер Хведарук, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Уладзімер Дубовік, Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Тацяна Анікеенка, Алена Ігнацьева, Аляксандра Яначка — у Менску. Браты Іван і Ільля Шылы, Максім Сяменчык, Сяржук Пацкевіч, Хрысьціна Самойлава, Павал Батуеў — у Салігорску. Яўгенія Шасьцерыкова, Вольга Смалянчук, Яўген Скрабутан, Зьміцер Цясьлюк, Андрусь Фамін у Горадні. І Ігар Шчакарэвіч — у Кіеве. Сярод галадоўнікаў шмат непаўналетніх.
XS
SM
MD
LG