Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галадоўнік з Горадні: акцыя будзе крутая, калі да яе далучыцца шмат людзей


Радыё Свабода, Горадня У Горадні да галадоўкі пратэсту ў Салігорску далучыліся тры хлопцы, два зь якіх студэнты, і дзьве школьніцы. Усе яны з “Маладога фронту”.

Нядаўні студэнт беларускай філялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Яўген Скрабутан гаворыць, што далучыўся да галадоўнікаў з Салігорску на знак салідарнасьці. Ён усьцешаны, што акцыя пачынае ахопліваць усё новыя гарады. Сёньня Яўгену Скрабутану тэлефанавалі зь Берасьця й зь Менску незнаёмыя людзі.

(Скрабутан: ) “Яны там ужо зьбіраюцца праводзіць нейкія акцыі, магчыма, выходзіць на плошчу, і таксама далучацца да галадоўкі. Зь сёньняшняга дня, я думаю, нямала людзей далучыцца. Гэта пачынае ахопліваць розныя гарады Беларусі. Акцыя можа ператварыцца ў сапраўдны рэальны пратэст. Акцыя будзе крутая, калі да яе далучыцца шмат людзей. Калі галадаць будуць адзінкі або дваццаць-трыццаць чалавек, нічога дасягнуць ня ўдасца. А вось калі гэта будзе чалавек дзьвесьце, то я думаю, што ў Беларусі нешта зварухнецца”.

Яўген Скрабутан гаворыць, што на першым дні сваёй галадоўкі ён адчувае голад, але затое кінуў паліць. Ён кажа, што раней, калі яго выключылі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту за каляндарыкі са здымкам Аляксандра Мілінкевіча, ён зьбіраўся абвясьціць галадоўку пратэсту, але яго адгаварылі ад такога кроку. Аднак ён тады даведаўся, як правільна галадаць.
XS
SM
MD
LG