Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падвышэньне кошту на газ актывізуе будаўніцтва ў Беларусі АЭС


Радыё Свабода У Беларусі актыўна ідзе падрыхтоўчая праца да будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Паводле папярэдніх плянаў, будаўніцтва АЭС можа распачацца ў Гомельскай альбо Магілёўскай абласьцях. Прадстаўнікі ўладных структураў заяўляюць, што канчатковае рашэньне будзе прынятае ў наступныя тры гады, а да 2015 году атамная электрастанцыя ў Беларусі можа быць гатовая. Аднак супраць гэтага выступаюць многія навукоўцы, палітыкі й грамадзкія арганізацыі.

Патрэбу ў атамнай электрастанцыі ўладныя чыноўнікі тлумачаць маральнай і фізычнай састарэласьцю энэргетычнай сыстэмы краіны. А заявы расейскага “Газпрому” пра падвышэньне коштаў на газ для Беларусі толькі актывізуюць гэтую працу, кажа намесьнік кіраўніка інстытуту ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” Анатоль Якушаў.

(Якушаў: ) “Калі нашая энэргетыка на 95% залежыць ад прыроднага газу, то трэба нешта рабіць. Бо ў 2007 годзе Расея падыме кошты на газ — і дзецца ня будзе куды”.

Прадстаўнікі ўлады таксама заяўляюць, што ўжо ў 2020 годзе доля атаму ў энэргетычнай сыстэме Беларусі павінна скласьці 20%, а доля газу — зьменшыцца да 55%. Таксама паводле афіцыйнай статыстыкі, ідэю будаўніцтва АЭС падтрымліваюць 47% насельніцтва Беларусі. У інтэрвію Радыё Свабода пра гэтую ідэю людзі на вуліцах Менску гаварылі наступнае:

(Юначка: ) “У нас ужо была адна станцыя, і яшчэ адна нам не патрэбная”.

(Юнак: ) “Я лічу, што трэба выкарыстоўваць тое, што ў нас ёсьць: рэкі, паветра”.

(Юначка: ) “Гэта небясьпечна для Беларусі, а таму трэба выкарыстоўваць іншыя віды энэргіі”.

(Юнак: ) “Увогуле, патрэбна, гэта нармалёва. Цяпер жа мірны атам і ўсё такое”.

(Юначка: ) “У сувязі з падвышэньнем кошту на газ, пэўна, гэта патрэбна”.

(Юнак: ) “Патрэбна, так мы будзем не залежныя ад Расеі”.

(Спадарыня: ) “Я ўжо перажыла Чарнобыль, хто пра нас тады паклапаціўся? Ніхто. А што, хто-небудзь цяпер паклапоціцца? Таму не жадаем яшчэ раз”.

Ініцыятары будаўніцтва атамнай электрастанцыі заяўляюць, што 2,5 мільярда даляраў на яе ўзьвядзеньне будуць вернутыя за некалькі гадоў. Сучасныя АЭС маюць высокую ступень бясьпекі, пры гэтым Беларусь атрымае энэргетычную незалежнасьць. Але ёсьць і іншы пункт гледжаньня. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч адным зь першых выступіў супраць АЭС у Беларусі яшчэ й з палітычных прычынаў.

(Парфяновіч: ) “Пры гэтым рэжыме — я цалкам супраць. Калі мы адбудуем такую станцыю, гэта будзе пудзіла ў цэнтры Эўропы. Гэта тая дубіна, якая можа выклікаць той рэзананс, які выклікаў Іран. Для Беларусі такія рэзанансы не патрэбныя”.

Супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі таксама выступаюць многія экалягічныя й грамадзкія арганізацыі Беларусі. На знак пратэсту супраць будаўніцтва АЭС сёлета яны правялі некалькі акцыяў-пікетаў.
XS
SM
MD
LG