Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ж рыхтаваў дохлых пацукоў?


Радыё Свабода Шэф КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў журналістам, што працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы, заведзенай напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў па фактах падрыхтоўкі тэрактаў. Пра гэта паведамляе агенцтва “Інтэрфакс”.

Фігурантамі ў гэтай справе, паводле кіраўніка КДБ, праходзяць ня толькі тыя, хто жыве ў Беларусі, але й людзі, што знаходзяцца цяпер за мяжой. Паводле спадара Сухарэнкі, у гэтай справе “будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці”.

Старшыня КДБ гэтаксама паведаміў, што неўзабаве ў суд будзе перададзеная крымінальная справа супраць прадстаўнікоў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. У такім выпадку паўстае пытаньне — гэта адна альбо дзьве розныя крымінальныя справы? Па тлумачэньні мы зьвярнуліся да кіраўніка цэнтру інфармацыі КДБ Валерыя Надтачаева. Ён заявіў:

(Надтачаеў: ) “Якая група асобаў там затрыманая? Мы не казалі пра гэта. На пацуку сканцэнтраваная ўся ўвага прэсы. Там згадвалі чалавека, якога навучалі ў лягеры баевікоў. І ён апавядаў, што іх вучылі ставіць расьцяжкі, рыхтаваць самаробныя выбуховыя прыстасаваньні, падрываць пад’езды. І ў тым ліку вучылі, як, калі нічога няма, атруціць ваду. Ну, самае прымітыўнае. Усе чамусьці зацыкліліся на пацуку”.

Але ці мае гэта дачыненьне да арыштаваных сябраў “Партнэрства”? Спадар Надтачаеў кажа, што здохлы пацук не адносіцца да “Партнэрства” і гаворка ідзе пра розныя рэчы.

(Надтачаеў: ) “Там чалавек апавядаў, чаму яго вучылі. Да “Партнэрства” гэты чалавек ня мае дачыненьня. А па “Партнэрстве” — гэта ў пракуратуру”.
XS
SM
MD
LG