Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: ТБМ прапануе гораду адсьвяткаваць народзіны В.Быкава


Радыё Свабода, Віцебск Віцебская рада ТБМ прапануе зрабіць сёлетнюю гадавіну нараджэньня Васіля Быкава агульнагарадзкім сьвятам. Старшыня рады Іосіф Навумчык ужо занёс адпаведную заяўку ў гарвыканкам. Урачыстую імпрэзу арганізатары прапануюць правесьці ў нядзелю, 18 чэрвеня — напярэдадні дня народзінаў пісьменьніка.

Месцам для правядзеньня сьвята актывісты Таварыства беларускай мовы абралі гарадзкі Парк культуры й адпачынку “Мазурына”. Колькі гадоў таму ён быў адмыслова вызначаны гарвыканкамам для правядзеньня масавых акцыяў, так што, мяркуюць сябры ТБМ, ва ўладаў будзе менш фармальных прычынаў адмовіць арганізатарам.

Зь іншага боку, хоць гэты парк і месьціцца на гарадзкой ускраіне, да яго можна даехаць аўтобусам практычна зь любога пункту гораду. Да таго ж там ёсьць галоўнае, што неабходна для правядзеньня імпрэзы агульнагарадзкога маштабу — глядзельная заля на адкрытым паветры й электрычнасьць.

На ўдзел у сьвяце папярэдне пагадзіліся Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў, старшыня віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко ды іншыя госьці. Цяпер слова за гаспадарамі — за Віцебскім гарвыканкамам, які мусіць адказаць на заяўку не пазьней за 12 чэрвеня.

Што да ініцыятываў улады ў справе ўшанаваньня памяці вядомага пісьменьніка-земляка, то сярод афіцыйных імпрэзаў наступнага месяца імя Васіля Быкава ня згадваецца.
XS
SM
MD
LG