Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа прымусіць гарадзенцаў выйсьці з пратэстамі на вуліцу?


Радыё Свабода Што можа выклікаць у людзей такую нязгоду, каб выйсьці пратэставаць на вуліцу? Напрыклад, ці магло б выклікаць такі пратэст зьняцьцё з пракату фільм “Код да Вінчы”? Выглядае, забарона гэтага фільму ня вельмі турбуе гарадзенцаў, бо пры жаданьні можна набыць пірацкую копію.

(Малады спадар: ) “Няма нічога такога, што прымусіла б мяне пайсьці на мітынг, я ў такім пратэсьце не зацікаўлены”.

(Студэнтка: ) “У нашай краіне ўжо няма чаму зьдзіўляцца, па тэлебачаньні адны й тыя ж навіны, проста камэдыя, можна сказаць. Мне мая сяброўка расказвала, што калі быў зварот нашага любімага прэзыдэнта да народу, у той жа дзень ва ўнівэрсытэт прыйшлі карэспандэнты тэлебачаньня, яны здымалі студэнтаў, патлумачыўшы, што яны павінны абмяркоўваць прэзыдэнцкі зварот. Студэнты спыталіся: ці можна выказаць нейкае сваё апазыцыйнае меркаваньне? Ім сказалі: не. І вось гэта выклікала пратэст”.

(Дзяўчына: ) “Я была на сустрэчы з папам рымскім у Польшчы, і мне вельмі спадабалася, што там было паўтары тысячы нашых беларусаў, і ўсе былі зь бел-чырвона-белым сьцягамі. І адчувалася такая свабода, хаця ў чужой краіне. У нас так адкрыта выказваць свае думкі й пачуцьці нельга, бо заграбуць”.

(Спадар: ) “Заводы ў Расеі будуюцца, а ў нас нічога не будуецца, гэта ў мяне выклікае пратэст. Тое, што ў нас у краіне бардак, гэта таксама выклікае ў мяне пратэст. Але сам я не настроены выходзіць на вуліцу. Падтрымаць іншых — так. Вось я чытаю свабодную прэсу, і гэта адзіны мой рэальны пратэст”.

(Сталы спадар: ) “Толькі безь мікрафона. Голас ёсьць голас. Выключы яго й пакладзі ў кішэню. Я не баюся, але толькі безь мікрафона скажу — што цяпер трэба рабіць”.

(Маладзён: ) “Я не хачу гаварыць на гэтую ўладу, але людзі запалоханыя рэжымам. І можна на прыкладзе Казуліна й Мілінкевіча паглядзець — да чаго можа прывесьці пратэст. Народ настроены супраць няслушных дзеяньняў уладаў, але ён баіцца выйсьці на вуліцы, таму што ведае пра наступствы, што яго чакаюць”.

(Дзяўчына: ) “Я студэнтка, і цяпер прымаюцца такія ўказы, што могуць падштурхнуць мяне выйсьці на дэманстрацыю. Хай я ня буду арганізатарам, але падтрымаю людзей. Гэта можа быць нават прымусовае разьмеркаваньне пасьля заканчэньня вучобы. Я, напрыклад, атрымліваю дзьве вышэйшыя адукацыі, суткамі сяджу ва ўнівэрсытэце, каб потым паехаць ўздымаць вёску? Я не лічу гэта справядлівым”.
XS
SM
MD
LG