Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожнае пятае прадпрыемства ў Беларусі зьяўляецца стратным (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў адказваў на пытаньні дэпутатаў Нацыянальнага сходу. На тле названых ім шматлікіх эканамічных посьпехаў (рост валавога ўнутранага прадукту, зьніжэньне інфляцыі, павышэньне заробкаў і гэтак далей), дзіўна выглядала вялікая колькасьць стратных прадпрыемстваў — кожнае пятае.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што паводле афіцыйнай статыстыкі, кожнае пятае прадпрыемства ў Беларусі застаецца стратным:

(Кабякоў: ) “Пры станоўчых тэндэнцыях разьвіцьця эканомікі ў першым квартале застаюцца праблемы выхаду стратных арганізацыяў на бясстратную працу. Колькасьць іх хаця й скарацілася параўнальна зь мінулым годам, але па-ранейшаму застаецца значнай. На 1 красавіка іх 2116, альбо амаль 19,6% з тых, што ўлічваюцца органамі статыстыкі”.

Васіль Шлындзікаў, які некалі быў генэральным дырэктарам буйнога прадпрыемства “Амкадор”, адразу зьвярнуў увагу на апошнія словы віцэ-прэм’ера:

(Шлындзікаў: ) “Рэч у тым, што кожнае пятае — гэта афіцыйна. Але яшчэ прыкладна столькі ж прадпрыемстваў маюць рэнтабэльнасьць крыху больш за 5%. Таму можна казаць, што насамрэч дзесьці палова прадпрыемстваў стратная”.

Аднак галоўнай бядой спадар Шлындзікаў лічыць нават ня колькасьць стратных прадпрыемстваў, а тое, што ні ў эканоміцы наагул, ні на прадпрыемствах не праводзяцца рынкавыя рэформы:

(Шлындзікаў: ) “Натуральна, яны ня могуць закупіць новае абсталяваньне. Таму ўсё гэта працуе пакуль. Пакуль у Расеі ёсьць нафтадаляры, пакуль яна праводзіць такую палітыку адносна Беларусі, дык гэта з горам напалам і праходзіць”.

Васіль Шлындзікаў лічыць, што сапраўдным посьпехам беларускай эканомікі стала адносная стабілізацыя фінансавай сыстэмы. Дарэчы, гэта ўскосна пацьвердзіў і віцэ-прэм’ер Кабякоў. Падчас прамовы ён адзначыў, што сёлета аб’ём сродкаў, якія банкі прыцягнулі ад насельніцтва, значна павялічыўся:

(Кабякоў: ) “У свой час мы марылі пра тое, каб выцягнуць з панчох насельніцтва адзін-два мільярды даляраў. Цяпер іх ужо тры. Але, я думаю, што пакуль гэта далёка ня ўсё, што ёсьць у панчохах”.
XS
SM
MD
LG