Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэція суткі ў Салігорску працягваецца галадоўка маладафронтаўцаў


Севярын Квяткоўскі, Салігорск Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”патрабуюць вызваліць усіх палітзьняволеных моладзевых актывістаў і спыніць крымінальныя справы супраць тых, хто яшчэ знаходзіцца на волі. У галадоўцы бяруць удзел непаўналетнія маладафронтаўцы Іван ды Ільля Шылы й Хрысьціна Самойлава, а таксама Максім Сяменчык і Сяржук Пацкевіч. 30 траўня да іх далучыўся актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў.

Маладыя людзі разьмесьціліся ў прыватнай кватэры ў цэнтры гораду, і вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі — акурат насупраць галоўнага будынку вытворчага аб’яднаньня “Белкалій” і гарвыканкаму.

Удзельнікі галадоўкі не ўжываюць нічога, апроч вадкасьцяў і вітамінаў. Паводле братоў Шылаў, на іхных бацькоў цісьне адміністрацыя школы, дзе вучацца хлопцы. За кватэрай сочыць міліцыя, але на дадзены момант актыўных захадаў супраць галадоўнікаў ня робіць.

30 траўня ўдзельнікі акцыі перадалі свае патрабаваньні ў Салігорску пракуратуру. “Наша гадалоўка бестэрміновая. Мы патрабуем ня толькі спыненьня перасьледу нашых сяброў з “Маладога фронту”, але аднаўленьня нашага актывіста Максіма Сяменчыка ў Салігорскім ПТВ. Максім быў выключаны пасьля таго як адседзеў 10 сутак у жодзінскай турме за ўдзел ў сакавіцкіх падзеях на Плошчы”, — патлумачыў Ільля Шыла.
XS
SM
MD
LG