Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён таму былі затрыманыя актывісты “Партнэрства” (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня родныя й блізкія актывістаў “Партнэрства” накіравалі зварот да грамадзкасьці й міжнародных праваабарончых арганізацяў. І сёньня ж старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што ў найбліжэйшы час справа “Партнэрства” будзе накіраваная ў суд.

У звароце да грамадзкасьці й праваабарончых арганізацыяў выказваецца пратэст супраць замаху на годнасьць, правы й здароўе, што несумяшчальна з Дэклярацыяй ААН аб абароне ўсіх асобаў ад катаваньняў ды іншых жорсткіх караў альбо відаў пакараньня. Хадайніцтвы адвакатаў аб зьмяненьні меры стрыманьня для актывістаў “Партнэрства” былі праігнараваныя. Гаворыць Валер Дранчук, бацька Цімафея:

(Дранчук: ) “Тое, што адбываецца сёньня з “Партнэрствам”, — гэта катаваньне. Гэта такі псыхалягічны наезд на іх, уціск — што гэта па міжнародных мерках, міжнародных стандартах называецца катаваньнем. Тут парушаюцца ня толькі правы Цімафея, нашы бацькоўскія правы, але і правы дзіцяці. Таму што ёсьць Канвэнцыя аб правах дзіцяці, да якой далучылася і Беларусь”.

У Цімафея Дранчука два месяцы таму нарадзіўся сын, якога ён яшчэ ня бачыў. Жонкі яшчэ двух актывістаў “Партнэрства” цяжарныя. 100 дзён у ізалятары КДБ утрымліваецца маладая дзяўчына. Гаворыць маці Эніры Браніцкай спадарыня Віялета, якой спаткацца з дачкой не дазваляюць:

(Браніцкая: ) “Адзінае, па лістах я зразумела, што яна вельмі стамілася. Не фізычна, а маральна. Піша: “Ні пра што думаць не магу, няма сілаў, стамілася”. Вось такі настрой”.

Маці Міколы Астрэйкі спадарыні Яўгеніі адзін раз дазволілі сустрэчу з сынам. Але лягчэй ад гэтага ня стала:

(Астрэйка: ) “Настрой ня вельмі добры. Пакуль чакаем. Чакаем суду... У панядзелак было два тыдні, як я сустракалася зь ім. Ён трымаецца. Тры гадзіны праляцелі вельмі хутка. Чакае ж дзіця ён, таму размоваў было шмат. Усе мы чакаем. Чакаем лепшага. Спадзяемся, што большую частку таго, што можна было перажыць, мы перажылі”.

Сьледзтва скончанае, адвакаты й іхныя падабаронныя азнаёміліся зь сямю тамамі справы. Гаворыць адвакатка Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Мы падалі хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу з-за недаказанасьці, і каб падабаронных выпусьцілі з-пад варты. Але нам адмоўлена, і справа накіраваная ў суд”.

Мяркуецца, што судовы працэс пачнецца ў чэрвені й будзе закрытым.

Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук, Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая абвінавачваюцца па артыкуле 193, частцы 2 Крымінальнага кодэксу — удзел у незарэгістраванай арганізацыі й замах на правы грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG