Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хацелася б спытаць у прэзыдэнта Лукашэнкі: ці змог бы ён пражыць на маю пэнсію?”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 31 траўня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Як зьмянілася жыцьцё беларускіх грамадзянаў за той час, што мінуў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? Ці чакаюць людзі зьменаў? І з кім зьвязваюць спадзяваньні на такія зьмены? Пра гэта — большая частка лістоў з пошты апошняга тыдня.

Сёньняшнюю размову пачну з допісу ад даўняга сябра “Свабоды” — Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Пасьля выбараў многія людзі не задаволеныя цяперашнім жыцьцём. І для гэтага ёсьць падставы. У іншых краінах назіраецца прагрэс, расьце дабрабыт. А ў нас? Неяк у наша сяло Макраны з Канады прыехалі да сваякоў колішнія эмігранты, якія даўно перасяліліся туды. Паглядзелі на наша жыцьцё і кажуць: “У нас у Канадзе ва ўсіх — свае катэджы. А ў вас як былі хаткі-развалюхі, калі мы ад’яжджалі, так і цяпер засталіся. Нават не паверылі б, што так можа быць, калі б на свае вочы ня ўбачылі”. Пабылі яны пасьля гэтага яшчэ нейкі час, далі сваякам сто даляраў кожнаму — ды назад паехалі”.

Далей у сваім лісьце Павал Сац піша, што і сам гатовы пакінуць радзіму, калі да гэтага вымусяць абставіны:

“Кладзесься спаць — і думаеш, як пражыць наступны дзень безь ператрусу й міліцыі. Жывеш, як жылі ў 1930-я ці 1940-я гады, калі любыя твае словы маглі абвясьціць паклёпам на ўладу і запісаць у “ворагі народу”. Калі прагоняць з радзімы — вымушаны буду зьехаць. Буду шукаць прытулку ў Штатах, у пляменьніка”.

Ад многіх эмігрантаў, якія шмат гадоў таму пакінулі Беларусь і пасьля доўгага перапынку зноў пабачылі радзіму, можна пачуць гэткае ж зьдзіўленьне: “Вы працуеце ня менш, чым мы ў Канадзе (ці Амэрыцы, ці Нямеччыне). Чаму ж жывяце так бедна? Чаму вёска ваша мала чым адрозьніваецца ад пасьляваеннай?” Звычайна ў адказ на гэтыя пытаньні вясковыя людзі маўчаць ці паціскаюць плячыма. А маглі б адказаць: “У той час, як амэрыканскія ды эўрапейскія фэрмэры працавалі на сябе, зараблялі грошы на новыя дамы ды аўтамабілі, мы ўсе пасьляваенныя гады былі ў калгасе. А калгасных заробкаў ня тое што на катэдж — на ежу ды вопратку не заўсёды хапала”.

Тое ў многім працягваецца і цяпер. Вядома, вясковыя людзі ведаюць (а многія і бачылі на ўласныя вочы), што можна жыць па-іншаму, мець зусім іншы плён ад сваёй працы. Але як адважыцца на зьмены? Асабліва, калі табе ўжо нямала гадоў і боязна ламаць звыклы лад жыцьця?

Аўтар наступнага ліста — Генадзь Убарэвіч зь Менску. Яго хвалюе пытаньне нядаўна ўведзенай крымінальнай адказнасьці за так званую “дыскрэдытацыю беларускай дзяржавы”:

“Магчыма, памыляюся, але мне здаецца, што дыскрэдытаваць дзяржаву можа толькі той, хто гэту дзяржаву прадстаўляе: чыноўнікі, дэпутаты, рознага кшталту начальнікі. А вось Аляксандар Мілінкевіч, пры ўсёй да яго павазе, дзяржавы пакуль не прадстаўляе. Групу грамадзянаў (і немалую) — так, але — не дзяржаву. Дык як ён яе можа дыскрэдытаваць? І ці можна трактаваць дыскрэдытацыю як паклёп? Калі, напрыклад, заўтра мяне як перадавіка і ўдарніка цяпер ужо невядома якой працы ў складзе дэлегацыі накіруюць куды-небудзь у Эўропу (забудзем на імгненьне, што туды ўжо ня пускаюць). А я там перап’ю і з воклічам “За Беларусь!” у якім-небудзь іхным Амстэрдаме пераб’ю ўсе чырвоныя ліхтары — гэта як будзе называцца? І што мяне за гэта чакае? Няўжо дзяржпрэмія?”

Аўтары нядаўна ўведзеных у Крымінальны кодэкс паправак, спадар Убарэвіч, зыходзілі з таго, што дыскрэдытаваць дзяржаву можа любы яе грамадзянін, незалежна ад пасады й прафэсіі. Што ёсьць дыскрэдытацыяй? Увогуле, гэта — падрыў даверу, прыніжэньне годнасьці, прэстыжу, аўтарытэту. Калі для вызначэньня паклёпу існуюць нейкія пэўныя крытэры (паклёп — распаўсюд заведама непраўдзівых зьвестак, якія зьневажаюць каго-небудзь), то з дыскрэдытацыяй усё куды больш складана. Пры жаданьні абвясьціць дыскрэдытацыяй дзяржавы можна любую крытыку на адрас прадстаўнікоў улады. Ці не таму і зьявіўся гэты тэрмін у беларускім заканадаўстве?

Ліст з Магілёва, ад слухачкі Галіны Паўленкі (прозьвішча выдуманае, сваё сапраўднае імя яна, як і многія іншыя нашы слухачы, называць апасаецца):

“Мне 66 гадоў. За 32 гады працоўнага стажу я атрымліваю пэнсію 170 тысяч рублёў. Жыць вельмі складана. Хацелася б спытаць у прэзыдэнта Лукашэнкі: ці змог бы ён пражыць на такую пэнсію? Вельмі шкада, што тых палітыкаў, якія хацелі б палепшыць жыцьцё простаму чалавеку, наша ўлада саджае ў турму. А яшчэ хачу сказаць, што наша тэлебачаньне немагчыма стала глядзець — суцэльная прапаганда. Нават зьдзіўляюся: як з такім задавальненьнем можна паведамляць хлусьлівую інфармацыю?”

Лістоў на тэму пэнсіі ад слухачоў сталага веку ў нашай пошце вельмі шмат. Галоўным чынам гэта нараканьні на несправядлівую сыстэму налічэньня пэнсіяў. Былыя чыноўнікі, вайскоўцы, супрацоўнікі спэцслужбаў атрымліваюць удвая, а то і ўтрая больш, чым іхныя адналеткі, якія да пэнсіі працавалі на заводах, фабрыках, у школах. Пры гэтым улада называе сацыяльную роўнасьць і справядлівасьць адным з прыярытэтаў сваёй палітыкі.

Фрагмэнт зь ліста Івана Даўлатава зь Берасьця — аднаго з тых нашых апанэнтаў і нядобразычліўцаў, якія, не падзяляючы пазыцыі “Свабоды”, тым ня менш, рэгулярна слухаюць наша радыё. Іван Даўлатаў піша:

“Наш народны прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка ня крадзе сам і не дае красьці іншым — усім гэтым Лявонавым, Рахманькам і да іх падобным. Размова ідзе не пра нейкую “дэмакратыю” й “правы чалавека”, якія нібыта парушаюць улады. Пад усім гэтым хаваецца барацьба за перадзел уласнасьці, якую захапілі ў свой час Шушкевіч, Багданкевіч ды іншыя. Змаганьне за гэтую ўласнасьць, а не якіясьці прыдуманыя “правы чалавека” — сапраўдная прычына нападак на прэзыдэнта. А так званая апазыцыя — гэта зборышча здраднікаў. Менавіта пра такіх Іосіф Вісарыёнавіч Сталін у свой час вобразна сказаў залатыя словы: “У мяне няма ваеннапалонных — ёсьць здраднікі”. Гэтак і ў Беларусі: няма дэмакратаў і апазыцыі, а ёсьць здраднікі”.

І ў чым жа, спадар Даўлатаў, іхная здрада? У тым, што яны думаюць інакш, чым вы? У тым, што не абагаўляюць Сталіна, а лічаць яго забойцам і злачынцам, які зьнішчыў мільёны ні ў чым не вінаватых людзей? Сталінскі прынцып, якім вы захапляецеся — паводле якога ўсіх ваеннапалонных залічвалі ў здраднікі — асудзіў на пакуты й сьмерць вялізную колькасьць сумленных людзей. Іх дзеці і ўнукі дагэтуль праклінаюць дыктатара, які не спыняўся ні перад чым дзеля ўтрыманьня сваёй асабістай улады.

Што да перадзелу ўласнасьці — то ў Беларусі гэтую ўласнасьць высокапастаўленыя чыноўнікі ні з кім не дзялілі. Наіўна гучаць вашыя, спадар Даўлатаў, сьцьвярджэньні пра маёмасьць, якую нібыта захапілі Шушкевіч ды Багданкевіч. Шматкроць праверана і пераправерана: ніякай значнай уласнасьці, апроч атрыманых яшчэ за савецкім часам кватэраў, у гэтых ды іншых кіраўнікоў апазыцыі няма.

Наш даўні слухач Алесь Шустоўскі з Барысава у сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, як дзяржава ў розны час заахвочвала нараджальнасьць. У прыватнасьці, у Савецкім Саюзе ў 1944 годзе былі ўведзеныя ордэны й мэдалі для шматдзетных маці. Слухач піша:

“Мая цётка Марыя Кандратовіч за тое, што выхавала дзесяць дзяцей (восем сыноў і дзьве дачкі) была ўганараваная ўсімі ўведзенымі для шматдзетных маці ордэнамі й мэдалямі. Наколькі ведаю, умовы тады былі вельмі складаныя. Адзін час жылі нават у зямлянках. Толькі пасьля вайны з мужам Іванам пабудавалі на ўскрайку вёскі Абёз (непадалёк ад дарогі Барань — Жортай) уласную хату. У хаце была печ зь вялікай ляжанкай; уздоўж сьценаў — лавы, стол, іншая простая драўляная мэбля. Усё было простым і неабходным для вялікай сям’і. У іх садзе я налічыў больш за дваццаць пчаліных калодаў. Смак мёду, водар суквецьцяў ды калодзежны журавель ля сядзібы Кандратовічаў — усё гэта засталося ў маёй памяці, хаця мінула ўжо амаль паўстагодзьдзя”.

Сутыкнуўшыся з дэмаграфічнымі праблемамі, беларуская ўлада ўспомніла пра савецкі досьвед: у Беларусі ў 1997 годзе таксама быў уведзены ордэн Маці. Але на ўзровень нараджальнасьці гэта істотна не паўплывала.

У сярэдзіне мінулага стагодзьдзя ў Беларусі было багата шматдзетных сем’яў зусім не таму, што Сталін увёў ордэны “Маці-гераіня” ды “Мацярынская слава”. Не бліскучыя бразготкі былі патрэбныя маладым сем’ям, а хлеб ды дах над галавой. Ні таго, ні другога не хапала. Тым ня менш, у сем’ях было і чацьвёра, і пяцёра, і шасьцёра дзяцей…Чаму? На тое можна знайсьці шмат прычынаў. Яшчэ былі моцныя традыцыйныя сялянскія погляды на сям’ю. Істотнымі былі й іншыя фактары: узровень мэдычных ведаў, недаступнасьць сродкаў кантрацэпцыі, узровень адукаванасьці, грамадзкая мараль… З таго часу ўсё гэта кардынальным чынам зьмянілася. А падвысіць узровень нараджальнасьці, выкарыстоўваючы толькі матэрыяльныя стымулы, як паказвае цяперашні досьвед, праблематычна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG