Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч не вітае намеры склікаць Кангрэс дэмсілаў?


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку 31 траўня.

Сёньня “Народная воля” працягвае размову пра мэтазгоднасьць скліканьня другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Паводле Аляксандара Мілінкевіча, нявырашанымі пакуль застаюцца мэты мінулагодняга форуму, і таму проста трэба працягваць працу. Палітык тлумачыць таксама іншыя вострыя пытаньні грамадзкага жыцьця.

Пісьменьнікі Вольга Іпатава і Барыс Сачанка выказваюцца наконт таго, што стаіць за спыненьнем перасьледу Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У інтэрвію “Народнай волі” яны падкрэсьліваюць: Гаспадарчы суд не адмяніў свайго рашэньня аб спагнаньні шматмiльённай арэнднай платы за некалькі пакояў у Доме літаратара. Суразмоўцы журналістаў цьвердзяць, што ўлада па-ранейшаму ў апазыцыі да беларушчыны й таму шмат пытаньняў застаюцца адкрытымі.

“Народная воля” друкуе нататкі Паўла Севярынца з так званай хіміі ў віцебскай вёсцы Сітна. Як высьвятляецца, малады палітык меў ужо 244 спатканьні з наведнікамі. Ён атрымаў тры сотні лістоў з 13 краінаў. Павал адказвае ўсім. Прычым, у замежжа – на ангельскай мове.

Група прафэсара Алега Манаева праводзіць зараз сустрэчы ў рэгіёнах. Як паведамляе “Витебский курьер”, на дыскусіі ў абласным цэнтры было агучана, што паводле нацыянальнага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных й палітычных дасьледаваньняў, трэцяя частка насельніцтва Беларусі вітае эўрапейскі шлях разьвіцьця да дэмакратызацыі грамадзтва й рынкавай эканомікі.

Першыя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адключэньні вады, газу й электраэнэргіі адбыліся ў Воршы. У артыкуле “Витебского курьера” падаюцца дадзеныя, што сума камунальных неплацяжоў набліжаецца да двух мільярдаў, а кожны шосты ўладальнік кватэры завінаваціўся за некалькі месяцаў.

У Бабруйску мясцовая ўлада ўпершыню дала дазвол на выкарыстаньне былога вайсковага аэрадрому. На яго асфальтавым пакрыцьці адбыліся гонкі драг-рэйсынгу – гэта старт з месца самых хуткіх аўтамабіляў краіны. Расказвае журналіст “Бобруйского курьера” Віктар Качан:

(Качан: ) “Спаборніцтвы прайшлі пад эгідай Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Хуткасьць сягала да 180 і больш кілямэтраў у гадзіну. Пасьля дажджу на мокрай трасе адзін з аўтамабіляў занесла. Калі б там стаялі людзі, то магла б здарыцца трагедыя. Дарэчы, пацярпела аўтамашына якраз пераможцы”.

Як вядома, у Бабруйску сёлета заплянаваны рэспубліканскі фэст “Дажынкі”. Паводле чутак, гонкі на закінутым аэрадроме былі толькі рэпэтыцыяй будучай спартовай праграмы.
XS
SM
MD
LG