Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя выключаныя беларускія студэнты прыехалі ў Польшчу


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаву прыехалі першыя студэнты зь Беларусі, якія былі адлічаныя са сваіх ВНУ за палітычную і грамадзкую дзейнасьць ды працягнуць навучаньне ў Польшчы ў адпаведнасьці з урадавай праграмай стыпэндыяў імя Кастуся Каліноўскага. У польскай сталіцы створаная адмысловая Рада для дапамогі беларускім студэнтам.

(Кляузэ: ) “Я прыехаў зь Менску – былы студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту”.

Венедыкт Кляузэ некалькі дзён таму прыехаў у Польшчу працягваць навучаньне – ягоная гісторыя падобная да сытуацыі, у якой апынуліся дзясяткі іншых маладых беларусаў толькі за тое, што падтрымалі апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнцкіх выбарах ці ўзялі ўдзел у мірнай дэманстрацыі.

(Кляузэ: ) “У Беларусі мы нідзе ня можам скончыць навучаньне. Я спрабаваў паўсюль, мне кажуць – не, вы не падыходзіце. А выключылі мяне з чацьвертага курсу, амаль давучыўся. У дэканаце сказалі, што табе адна дарога застаецца – у войска. Пакуль, маўляў!”

У Варшаву прыехалі ўжо каля дзесяці выключаных беларускіх студэнтаў – неўзабаве яны, разам з тымі, хто яшчэ прыедзе, пачнуць інтэнсіўна вывучаць польскую мову, пачатак заняткаў у ВНУ Польшчы – у кастрычніку.

Адзін зь іх – адлічаны зь філіялу БДУ ў Баранавічах маладафронтавец і былы актывіст штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Марчык кажа, што прыемна ўражаны вельмі цёплым прыёмам з боку палякаў.

(Марчык: ) “Адукацыя для мяне цяпер самае галоўнае, а у Беларусі я не магу яе працягнуць ніяк – нават у камэрцыйных ВНУ. Так што я вельмі ўдзячны палякам і думаю, што ўжо хутка мы зможам аддзячыць ім за гасьціннасьць”

Студэнты зь Беларусі не застануцца ў Польшчы сам-насам з чужой краінай. У Варшаве створаная Рада недзяржаўных арганізацыяў, якія будуць займацца інтэграцыяй беларусаў у культурнае жыцьцё, дапамагаць вырашаць пытаньні ў дзяржаўных установах ды іншым.

У працы Рады бярэ удзел дэпутат польскага Сэйму Малгажата Гасеўска, якая кажа, што аповеды беларускіх студэнтаў прыгадваюць ёй часы ваеннага становішча ў Польшчы.

(Гасеўска: ) “Але ў нас было можа крыху іначай, бо царква вельмі дапамагала, больш людзей было ў апазыцыйным руху".
XS
SM
MD
LG