Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як заахвоціць беларусаў адпачываць на радзіме?


Радыё Свабода У Беларусі неабходна ствараць адпаведныя ўмовы і дамагацца, каб бальшыня жыхароў адпачывалі на роднай зямлі. На гэтым акцэнтаваў увагу Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанідам Козікам. Дзе і за колькі можна адпачыць у Беларусі? Ці гатовыя беларусы адпачываць на радзіме?

Амаль год таму дзяржава адмовілася ад датацыяў на пуцёўкі ў санаторыі, дамы адпачынку і пансіянаты, і адпачываць цяпер даводзіцца за свой кошт. Санаторыі і базы адпачынку зь мінулай восені амаль пуставалі і апынуліся на мяжы банкруцтва. І вось цяпер кіраўніком дзяржавы пастаўленая задача: прымусіць беларусаў адпачываць на сваіх курортах. Бальшыня ж людзей да гэтага папросту не гатовая.

(Спадар: ) "Я б не паехаў. Тое, што я бачыў, у мяне больш асацыяцыяў выклікае з больніцай. Гэта нешта такое зусім не для адпачынку".

(Спадарыня: ) "Ой, мяне нават пужае такая прапанова і такі заклік! Я маладая дзяўчына, дзеля чаго я еду ў адпачынак выключна ў Эўропу? Таму што там можна знайсьці шмат прыгожых супэр-супэр-супэр хлопцаў. А што на беларускіх курортах я ўбачу? Якіх-небудзь дзядзькаў зь вялікімі пузамі? Лепш ужо ня буду есьці паўгоду, але назьбіраю на Эўропу".

(Спадарыня: ) "У беларускіх санаторыях адпачываць зусім не гатовая. Па-першае, у Беларусі можна вельмі добра "пракалоцца" з надвор''ем. Па-другое, у беларускіх санаторыях такі цэньнік, што я лепш за гэтыя грошы зьежджу на мора. У беларускіх санаторыях ад суму загнесься".

Што тычыцца коштаў, то яны сапраўды ўражваюць. Санаторый "Юнацтва" на Мінскім моры і "Прыазёрны" на Нарачы ў чэрвені – ад 25 даляраў у суткі. Ліпень-жнівень даражэй. Пра кошты на базе адпачынку "Дрывяты" для сям''і з двух чалавек на Браслаўскіх азёрах распавядае супрацоўнік "Цэнтаркурорту".

(Турагент: ) "Нумары "паўлюкс": тэлевізар, лядоўня, міні-кухня, санвузел – самы прыймальны варыянт на з чалавекі. Каштуе гэта 110 тысяч у суткі пражываньне, харчаваньне – 18 тысяч у суткі на чалавека".

Экс-старшыня прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык добра ведае пра стан і сэрвіс беларускіх базаў адпачынку.

(Ганчарык: ) "Беларускія санаторыі ў сваёй большасьці патрабуюць капітальнага рамонту, рэканструкцыі, каб быць на сучасным узроўні. Ну, пра сэрвіс я й не кажу. Ёсьць добрыя прафсаюзныя здраўніцы – "Прыдняпроўскі", "Крыніца". Ёсьць здраўніцы Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта – "Сосны", іншыя, таксама някепскія. Але цэны, я думаю, вельмі кусаюцца. Трэба ўкладаць грошы, каб людзі паехалі ў Беларусь адпачываць. А тое, што прэзыдэнт гаворыць – заклік ёсьць заклік. "Купляйце беларускае", "Адпачывайце ў Беларусі". Трэба туды ўкладваць грошы, рабіць інфраструктуру".
XS
SM
MD
LG