Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Ян Чэрскі


Уладзімер Арлоў, Менск 15.5.1845, в.Свольна (цяпер Верхнядзьвінскі раён) – 7.7.1892, Якуція

У XIX, як і ў XX стагодзьдзі, большасьць беларусаў трапляла ў Сыбір не па сваёй волі. Найбольш дакладны партрэт Яна Чэрскага таксама належыць паліцэйскім чынам. Яны малююць “бунтаўшчыка” высокім хударлявым бляндынам з рудаватай барадой і схаванымі за акулярамі блакітнымі вачыма.

Пад бунтам трэба разумець вызвольнае паўстаньне 1863-га. Ян надзеў дзедаву канфэдэратку і ўзяў у рукі зброю, маючы ўсяго васемнаццаць зімаў і вёснаў. Вынікам гэтага кроку сталася выключэньне зь Віленскага дваранскага інстытуту, пазбаўленьне шляхецкай годнасьці і высылка ў лінейны батальён у Омску. Падпісваючы суправаджальныя паперы, жандары ня ведалі, што выпраўляюць юнага інсургента насустрач усясьветнай славе...

У 1885-м, пасьля чаканай амністыі, імпэратарская Акадэмія навук неадкладна выклікае былога “палітычнага злачынцу” ў сталіцу. Чэрскаму ўсяго сорак, але ягоныя дасьледаваньні Байкалу, на берагах якога наш суайчыньнік зрабіў сэнсацыйныя адкрыцьці (у тым ліку знайшоў стаянку чалавека каменнага веку) ужо прывялі яго ў зэніт славы. Навуковыя таварыствы ўзахапы выбіраюць Яна сваім сябрам.

Але жыцьцё ў сталіцы імпэрыі, дзе яго падкрэсьлена называюць не Янам, а Іванам, дадаючы: “Дзяменцьевіч”, хоць бацьку клікалі Дамінікам, усё больш гняце колішняга паўстанца. Не ўважаючы на зусім ня волатаўскае здароўе, ён дабіўся дазволу на трохгадовую экспэдыцыю ў раён Калымы, Індыгіркі і Яны. Перад ад’ездам Чэрскі наведвае роднае Прыдзьвіньне, каб парыбаліць на славутых тамтэйшых самоў, што здольныя былі гадзінамі цягаць лодку, а часам маглі злавіць і самога рыбака.

...На пачатку вясны 1892-га, пасьля таго, як у макроце зьявілася кроў, Чэрскі зрабіў у дзёньніку мужны й цьвёрды запіс: экспэдыцыя павінна працягваць рухацца наперад нават у той момант, калі яго душа будзе разьвітвацца зь целам.

У 40-х гадах мінулага стагодзьдзя, калі колькасьць беларусаў на сыбірскіх абсягах зноў рэзка павялічылася, на бясконца далёкай ад Беларусі якуцкай вечнай мерзлаце зьявіўся помнік выбітнаму дасьледніку Сыбіры. Сьціплая стэла сталася толькі “даважкам” да іншых адмысловых помнікаў. Былы каліновец, беларус Ян Чэрскі мае ў сьвеце няшмат канкурэнтаў па колькасьці згадак свайго імя на геаграфічных мапах: горная сыстэма Чэрскага, горны хрыбет у Забайкальлі, горад Чэрскі ў Якутыі, даліна Чэрскага ў Саянах... Ягоным імем назвалі культурнае таварыства беларусы Іркуцку.

У ваколіцы Магадану чалавеку з нашых шыротаў лепей не трапляць. Калі ж вам усё ж надарыцца быць там, паспрабуйце дабрацца да заімкі Калымская і зьбярыце ў тундры букецік сыбірскіх кветак – для Чэрскага і заадно для ўсіх нашых землякоў, якім помнікаў так ніколі і не паставяць.
XS
SM
MD
LG