Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 30 траўня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Прывітаньне спадарству зь беларускага Сеціва!

Сайт radzima.info нагадвае: “Вечарам 30 траўня 1999 году, падчас забаўляльных мерапрыемстваў непадалёк ад Палаца спорту, адбылася трагедыя, водгульле якой дагэтуль жыве ў сэрцы кожнага менчука… 53 чалавекі загінулі і многія атрымалі шматлікія траўмы. Гэтая жалобная нота для ўсёй нацыі, і ў гадавіну трагедыі грамадзянам прапануецца правесьці некалькі апалітычных акцыяў, каб памянуць тых мінчан, хто загінуў і пацярпеў у той дзень”.

На сайце www.tvr.by ідзе апытаньне на тэму “Ці будзе запатрабаваная беларуская музыка ў Эўропе?” Вось некаторыя вынікі: “Так, раней пра нас проста ня ведалі — 975 галасоў; так, пры ўмове высокага прафэсіяналізму нашых выканаўцаў — 1100 галасоў; не — 1835 галасоў; ня ведаю — 10211 галасоў”.

А ў ЖЖ між тым сёньня зьявілася такая вось абвестка: карыстальнік julker зьвяртаецца да ўдзельнікаў намётавага мястэчка: “Вам есьць падарунак. Запрашальнікі на канцэрт “Старажытная зямля”. Штук 40. Тэлефануйце, забірайце і слухайце беларускае :) Квіткі ў мяне 3317180. Жыве Беларусь!”

Жыве і “Начная аблога”! Дарэчы, на сайце kolokol.host.sk у разьдзеле “Спасылкі” зьявіўся інтэрнэтаўскі адрас праграмы “Начная Свабода”. Дзякуй!

Сайт telegraf.by паведамляе: “Фільм "Код да Вінчы", зьняты з пракату ў Менску, пабіў усе рэкорды продажу на DVD. Паводле неафіцыйных даных, цягам апошняга тыдня ў сталіцы былі прададзены дзесяткі тысяч "пірацкіх" копій карціны. "У цяперашні час у Беларусі адзін DVD у прадаўцоў на рынках з "Кодам да Вінчы" каштуе 6-10 тыс. рублёў", — паведамілі прадаўцы”.

У ЖЖ minsk_by блогер forever_live заяўляе: “Высьветлілася таямніца загаду пра зьнішчэньне ўсіх лядоўняў з кока-колай на менскіх вуліцах. Сёньня на некаторых прыпынках у Малінаўцы зьявіліся лядоўні з пэпсі”. На што там жа адказвае il_gattopardo: “Супрацьстаяньне пэпсі і кокі — гэта барацьба ідэалёгій, сыстэмаў каштоўнасьцяў і ладаў жыцьця. Уласна, замена кокі на пэпсі ляжыць цалкам у рэчышчы палітыкі закручваньня гаек, антылібэральнай і антыамэрыканскай рыторыкі і інш. Праўда, улады рызыкуюць: падаўляючы брэнд-эсэнс, у аснове якога ляжыць свабода a la тэхаскі рэйнджэр, яны прасоўваюць брэнд, які разумее свабоду ў духу камандантэ Чэ. У доўгатэрміновай пэрспэктыве ім гэта можа бокам выйсьці”.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэскі, шчэ сустрэнемся…
XS
SM
MD
LG