Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хачу сказаць спадару Лябедзьку, што цяпер, калі дзеці 13-18 год абвяшчаюць галадоўку, ня той час займацца высьвятленьнем адносінаў"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 30 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Віктар Бутто:) “Для Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Мілінкевіча. Прашу прыслухацца. Неабходна вам спыніцца спрачацца адносна першынства паміж вамі. Рэйтынг Аляксандра Мілінкевіча на першынства ў два разы перавышае ўсіх апазыцыянэраў, хаця вельмі шмат мае ён сур’ёзных недахопаў. Асноўны недахоп у Аляксандра Мілінкевіча – гэта ягонае поўнае неразуменьне ў Расеі і Крамлі, што для палітыка такога ўзроўню, які імкнецца быць прэзыдэнтам Беларусі, дзе большасьць размаўляе і піша толькі на расейскай мове, зьяўляецца зьявай больш чым адмоўнай. Таму для Аляксандра Лукашэнкі і ягоных прадстаўнікоў апазыцыянэры ўспрымаюцца адсутнасьцю для іх праціўнікаў, што ўжо працягваецца каля 12 год. Адумайцеся!”

(Міхаіл Леках: ) “Беларуская служба Радыё Свабода практычна кожны дзень кажа, што яна дае магчымасьць выказацца людзям з супрацьлеглымі пазыцыямі. Дык я хачу дакрануцца выступу памочніка спадара Мілінкевіча, які сёньня, 29 траўня, заявіў аб тым, што праз год-паўтары будзе зьмена ўлады, таму што, бачыце вы, выбары нелегітымныя. Па-першае, выбары былі легітымныя. Каму не падабаецца – гэта іх праблема. Але нават нядобразычліўцы прэзыдэнта кажуць, што ён набраў большасьць галасоў – гэтага ўжо дастаткова. У мяне іншае пытаньне. Навошта вы неабгрунтавана, ня маючы ніякіх доказаў дэзарыентуеце публіку, асабліва моладзь? Ніякай зьмены ўлады на працягу бліжэйшых хаця б пяці год ня будзе па простай прычыне, што сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі значна лепшае, надзейнае, устойлівае, чым у суседніх Латвіі, Украіне і г.д. Гэта асноўнае! А апазыцыя нічога рэальнага, акрамя траскатні палітычнай, не прапаноўвае! Таму, натуральна, беларускі народ мудры і гэтых людзей да ўлады не дапусьціць!”

(Яцкевіч Аляксандра Анатольевіч:) “Хлопцу ў чацьвер зрабілі ўкол у вену кісьці, было балюча. Потым другі ўкол у вену той самай рукі праз катэтэр. У хлопца пачалася кружыцца галава, левае вока пачало зацягвацца чорнай плямай. Зь цяжкасьцю прыйшоў у палату, лёг у ложак. Чорная пляма зьнікла, прайшла патлівасьць праз нейкі час. Прыйшоў урач, памераў артэрыяльны ціск, быў 70 на 120, са словаў урача. Вочны агледзеў толькі на наступны дзень! У хлопца інваліднасьць па зроку”.

(Анатоль Балакір, Слуцк: ) “Нядаўна даведаўся, што вырашаецца пытаньне аб скліканьні другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Няўжо дзеля таго, каб пагаварыць пра парыю Казуліна неабходна склікаць кангрэс? Давайце лепш узгадаем, хто разваліў партыю Статкевіча і Шушкевіча. Узгадалі? Правільна. Хто паліваў брудам на мінулым кангрэсе “Малады фронт” і чацьвёрку кандыдатаў? Узгадалі? Правільна. Хто адмовіўся працаваць у камандзе адзінага, махнуўшы на яго рукой? Узгадалі? Правільна! У грамадзе шмат заблукаўшых, але ж кіраваць імі будуць тыя самыя, хто разам зь Ярмошынай і ёй падобныя “тусуюцца” ў тэлестудыях на БТ.

Я ня веру, што палітыка – брудная справа, бруднай яе робяць брудныя людзі. Скажы мне, хто твой сябра і прыхільнік – і я скажу, хто ты сам. Не капай яму другім, сам туды трапіш. Я даўно і не па чутках ведаю людзей, якія кіруюць Грамадой, і прыйшоў да выніку, што партыя Казуліна – гэта партыя міністэрства юстыцыі”.

(Спадарыня: ) “Паважны спадар Лябедзька! Праслухала ўважліва вашу дыскусію са спадаром Мілінкевічам. Ведаеце, асабіста я ня маю нічога супраць, калі вы станеце прэзыдэнтам альбо спадар Мілінкевіч. Вы абодва вартыя кандыдаты. Я таксама нічога ня ведаю пра вашу міжпартыйную кухню, я не зьяўляюся членам ніякай партыі, я адна з тых тысячаў людзей, якія стаміліся чакаць пераменаў. Вашыя размовы аб неабходнасьці скліканьня канфэрэнцыі я ўспрымаю так: “Я, Лябедзька, толькі з розьніцай у адзін голас прайграў выбары на вылучэньне адзінага кандыдата. Выбары прайшлі. А цяпер чаму я павінен камусьці падпарадкоўвацца? Склікаем канфэрэнцыю і ўсё перайграем”. Больш за гэтымі словамі аб стратэгіі нічога няма. Добра, калі я памыляюся, але такое ў мяне склалася меркаваньне. Прабачце, не хачу вас пакрыўдзіць.

Вельмі часта на “Свабоду” тэлефануе адзін чалавек, якога я пазнаю па голасе, ня ведаю ягонага імя. Гэты чалавек зьяўляецца, як ён сам сказаў, праціўнікам апазыцыі, але, як ня дзіўна, часта дае ёй парады. Я ўжо падумала, ці не зьяўляецца ён супрацоўнікам КДБ, адказным за званкі на “Свабоду”? Дык вось ён сказаў: “Хто такі Мілінкевіч? За яго сьпіной няма ніякай партыі. Ён ня мае ніякай заслугі. Трэба кагосьці новага выбраць з моладзі”. Як баіцца Лукашэнка яго каманды, гэтага кволага аб’яднаньня апазыцыйных сілаў, зьяўленьня сапраўдных лідэраў! Яны адчуваюць, што сытуацыя зьмянілася, і што нешта адбылося. Ім страшна, яны будуць імкнуцца перашкодзіць аб’яднаньню, разваліць яго любымі шляхамі – гэта зразумела. Але ўсе вы, лідэры розных партыяў, канкурыруйце паміж сабою, калі вы даможацеся падзеньня рэжыму, калі будуць магчымыя дэмакратычныя выбары. Што ў гэтым дрэннага, калі палітык мае амбіцыі, хоча перамагчы сам і прывесьці да кіраўніцтва сваю партыю? Толькі тыя і становяцца сапраўднымі палітыкамі, якія маюць гэтыя амбіцыі.

Хачу сказаць спадару Лябедзьку, што цяпер, калі дзеці 13-18 год абвяшчаюць галадоўку, ня той час займацца высьвятленьнем адносінаў. Я прашу ўсіх лідэраў апазыцыі наступіць на горла ўласнай песьні і ня даць сябе раз’яднаць. А інакш будзе, як я чула па нямецкаму тэлебачаньню: “Лукашэнка без канца”. І вы страціце павагу і падтрымку тых, хто на вас спадзяецца”.

(Мікола Шыбіца, Казлоўшчына: ) “Няўжо кіраўнікам Беларусі ад дэмакратыі не хапае адукацыі вышэйшай, каб не зразумець, што спачатку развалілі Беларускі народны фронт, а цяпер развальваеце Кангрэс дэмакратычных сілаў? Вы ж працуеце на гэты рэжым!”

(Спадар: ) “Ніколі ў апазыцыі нічога добрага не атрымаецца, калі яна будзе хлусьнёй займацца, бо ня будзе нават магчымасьці зразумець рэальнае сваё становішча. Вось сёньня раніцай выступаў Мілінкевіч. Ён казаў, што 1/3 беларусаў прагаласавалі за яго. Ну, гэта ж варта сьмеху! Частка людзей прагаласавалі не за Мілінкевіча, а супраць Лукашэнкі, супраць губэрнатараў, супраць тых, якія канкрэтна чымсьці іх пакрыўдзілі. Разумееце ці не? Менавіта пакрыўдзілі, чагосьці не далі, з кватэрай нешта не ў парадку, з працай і г.д. Вось яны гэта і зрабілі! А так яны яго ведаць ня ведаюць, зразумейце вы гэта! І правільна Лябедзька сказаў, што не за яго прагаласавалі, а, увогуле, супраць прагаласавалі за нейкія крыўды. Вось ён тут мае рацыю, мудры чалавек”.

(Спадар: ) “Мілінкевіч, Вячорка і іншыя палітыкі быццам лічаць сябе сур’ёзнымі людзьмі. Хацелася б ад іх чуць сур’ёзныя прамовы і заявы. Вось цяпер на палітрадзе было прынятае рашэньне на працягу двух бліжэйшых гадоў адхіліць Лукашэнку ад улады. Але, дарагія мае, хацелася б запытаць: як і якімі сіламі? Армія і міліцыя ніколі за імі ня пойдзе, яны зараз займаюць годнае месца ў беларускім грамадзтве. І параўнаць з тым, што было, калі кіраваў Шушкевіч, і што цяпер – гэта неба і зямля. Народ... Яны ва ўсіх заявах кажуць, што пойдзем да народу. Каб перамагчы пры дапамозе народу ў такіх умовах, на вуліцы трэба вывесьці ня пяць тысяч няшчасных, а хаця б пяцьсот тысяч! А як? Замест таго, каб хадзіць да народу, як яны заяўляюць, Мілінкевіч – у Парыжы, а да гэтага і пералічыць цяжка, дзе ён быў. Лябедзька толькі што вярнуўся з Амэрыкі. Як жа народ пойдзе за такімі лідэрамі?”

(Уладзімер: ) “Паводле інфармацыі аб рознагалосьсі паміж Мілінкевічам і Лябедзькам. Справа ў тым, што на сёньняшні момант у нас могуць існаваць два лідэры дэмакратычнага руху. І вось чаму. Некаторыя прынцыповыя моманты. Першае. З адным чалавекам заўсёды можа нешта здарыцца, і вось тады другі чалавек можа працягнуць гэтую справу. Па-другое, калі ўжо так склалася, што рознагалосьсі вельмі сур’ёзныя, і пераадолець іх у наступных варунках не зьяўляецца магчымым, то лепш за ўсё адразу Лябедзьку абвясьціць, што ён ідзе сваім шляхам, а Мілінкевіч сваім. І ня трэба дэзарыентаваць людзей. Гэта будзе лепш, чым рабіць выгляд, што супярэчнасьцяў няма, а на самой справе яны ўсё паглыбляюцца і паглыбляюцца. І трэці момант. І Лябедзька, і Мілінкевіч павінны прадумаць, як стварыць такую сыстэму, якая б абараняла людзей ад магчымых рэпрэсіяў, бо зараз тыя людзі, якія змагаюцца за ўсталяваньне дэмакратыі, апынаюцца ў адзіноце, падтрымкі няма, таму патрэбна яе стварыць. І калі яна будзе часткова створаная, гэта будзе вельмі вялікі крок”.

(Уладзімер Наваградзкі: ) “А ведаеце, дурнота і па-беларуску чуецца няблага. Гэта да той недарэчнасьці, калі недасьведчаныя людзі кажуць, што калі чалавек размаўляе на нашай роднай цудоўнай мове, то ён адназначна адчуваецца звонку дасьведчаным беларусам – чарговае глупства.

І яшчэ. А вам не падаецца, што цяперашнія паводзіны Лябедзькі можна ахарактарызаваць як амбіцыйныя і яўна ангажаваныя службамі раскольніцтва? Мне дык падаецца”.

(Анастас Семяновіч: ) “Хачу зьвярнуцца да шаноўнага спадара Анатоля Лябедзькі. Ня трэба ніякіх кангрэсаў дэмакратычных сілаў праводзіць сёньня. Самая галоўная задача – адхіленьне галоўнага начальніка ад улады. Ён заняў месца Алеся Мілінкевіча, якога прымаюць на самым высокім узроўні ў Эўропе і Амэрыцы. Спадары, якія кажуць, што кангрэс прымаў рашэньне толькі на выбар прэзыдэнта, я згодны. Але ён правільнае рашэньне зрабіў! Таму лічу, што ня трэба траціць сілаў на правядзеньне кангрэсу – гэта марнаваньне грошаў і часу. Сёньня трэба дамагчыся дэмакратычнага выбарчага закону, адхіленьня Ярмошынай і яе каманды; але самая галоўная задача – адхіленьне галоўнага начальніка ад улады, хай ідзе ў адпачынак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG