Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Горадні пра ўсынаўленьне дзяцей замежнікамі?


Міхал Карневіч, Горадня Апытаньне “Свабоды”. Ці павінна дзяржава дазваляць усынаўленьне дзяцей замежнымі грамадзянамі? Гэтае пытаньне апошнім часам дастаткова часта абмяркоўваецца ў СМІ і грамадзтве. Як правіла, думкі грамадзян падзяляюцца. Наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы Горадні з тым, каб даведацца, што думаюць гарадзенцы наконт таго, ці павінна дзяржава дазваляць усынаўленьне дзяцей замежнымі грамадзянамі.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што павінна. Ім там будзе значна лепш. У нас дзяржава ня здольная забясьпечыць іх і прадаставіць усе неабходныя сродкі для нармальнага жыцьця”.

(Спадарыня: ) “Калі там прапаноўваюць стварыць нармальныя ўмовы, забясьпечыць добрае выхаваньне, адукацыю, то чаму не?”

(Дзяўчына: ) “Не. Я супраць. Таму што іх грамадзяне павінны мець сваіх дзяцей, а нашы сваіх”.

(Дзяўчына: ) “Калі ў нас такіх дзяцей шмат, то няхай, вядома ж, бяруць. Усё роўна, мне здаецца, там і будзе лепш жыць, чым у нашых дзіцячых дамах”.

(Спадар: ) “Не. Нядаўна ў Амэрыцы быў выпадак, калі паказвалі, як зьбіваюць нашых дзяцей і дрэнна імі апякуюцца. Я супраць гэтага”.

(Спадарыня: ) “Калі ёсьць магчымасьць, няхай усынаўляюць. А што? Раз нашы людзі ня могуць гэтага зрабіць, то няхай гэта робяць чужыя”.

(Сталы спадар: ) “Ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “А што тут такога? Вядома можна, тым больш, што яны ўсынаўляюць у асноўным хворых дзетак”.

(Спадар: ) “А чаму не? Гэта нармалёвая зьява: калі ў іх ёсьць магчымасьць гэта зрабіць, а ў нашых людзей такой магчымасьці няма. Вядома, можна”.

(Сталы спадар: ) “Калі б там толькі дзетак нашых давалі прыстойным людзям. На маю думку, гэта будзе значна лепш, чым яны будуць знаходзіцца ў сіроцкіх прытулках”.

(Спадарыня: ) “Калі ўжо атрымліваецца так, што дзіця зусім нікому непатрэбнае, то, напэўна, можна”.

(Спадарыня: ) “Калі сапраўды ў добрыя рукі, і яшчэ ад дзіцяці адмовіліся родныя бацькі, то, натуральна, што можна”.

(Дзяўчына: ) “Адназначна – не. Бо мы ня ведаем, што яны там зь імі робяць, адсутнічае які-кольвек кантроль. У нас тут таксама шмат сем’яў, якія ня маюць дзяцей і якія могуць іх тут усынавіць. Навошта дзяцей адпраўляць за мяжу – вы думаеце, ім будзе там лепш?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG