Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васіль Русак (4.4.1896, в.Ячава (цяпер Слуцкі раён) – пасьля 1946 ?)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Увесну і ўлетку 1920-га ад адной да другой слуцкай вёскі езьдзілі колькі вазоў зь нейкімі трохі дзіўнымі седакамі ды яшчэ больш дзіўным майном, якое тыя вясёлыя седакі называлі “дэкарацыямі”. Гэта была драматычная дружына Слуцкага культурна-асьветнага таварыства “Папараць-Кветка”. У спэктаклях, што ладзіліся часам проста пад зорным вечаровым небам, на імправізаваную сцэну выходзіў артыст Базыль Карусь, які да ўсяго яшчэ і вёў рэй у беларускім хоры таварыства.

Пад псэўданімам хаваўся адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, удзельнік антыпольскага і антысавецкага нелегальнага руху Васіль Русак. Празь некалькі месяцаў ён, колішні дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду, будзе абраны старшынём гістарычнага беларускага зьезду Случчыны, і неўзабаве стане камісарам 2-га Грозаўскага палка паўстанцаў.

Пасьля Слуцкага збройнага чыну Васіль ствараў партызанскія аддзелы на захопленай палякамі Віленшчыне, а затым з рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне прыехаў вучыцца ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу. Там, у чэскай сталіцы, ён ня толькі атрымаў адукацыю і ўзяў шлюб з чэшкаю, але напоўніцу выявіў свае шматстайныя здольнасьці. Стаўшы пасьпяховым прадпрымальнікам, Русак узначаліў Праскі Беларускі нацыянальны камітэт, зафундаваў часопіс “Іскры Скарыны” і, працягваючы традыцыю знакамітага палачаніна, наладзіў выданьне беларускіх кніг. Сваім коштам ён рыхтаваў і высылаў у Лігу Нацыяў мэмарандумы ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларусаў.

Ва ўмовах гітлераўскае акупацыі Русак працягваў жыць з думкаю пра Беларусь. Вядомыя выдадзеныя ім у той час паводле асабістага праекту паштоўкі з Пагоняю, а таксама нямецкамоўная брашура пра Беларусь з дададзенай этнаграфічнай мапаю.

Ён кожны дзень рызыкаваў жыцьцём, хаваючы ў сябе ў Празе дзьве габрэйскія сям’і.

У чэрвені 1945-га яго схапілі агенты савецкай контарвыведкі “СМЕРШ”. Кваліфікаваўшы тое, чым усё жыцьцё займаўся Васіль Русак, як “антысавецкую дзейнасьць”, ваенны трыбунал вынес прысуд: 10 гадоў канцлягеру. Далейшы лёс Русака невядомы.
XS
SM
MD
LG