Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі пасол у Беларусі стане начальнікам спэцслужбы?


Паводле БелаПАН Учора прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка сваім указам звольніў пасла ў Беларусі Валянціна Налівайчанку са сваёй пасады. Спадар Налівайчанка быў прызначаны на гэтую пасаду ў сьнежні летась, у Менск прыехаў у лютым сёлета, кіраваў дыпляматычным прадстаўніцтвам Украіны ў Беларусі 5 месяцаў.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Віктара Юшчанкі Ірына Герашчанка ў інтэрвію агенцтву "БелаПАН" назвала звальненьне Налівайчанкі “звычайнай ратацыяй". Аднак на заўвагу, што дыплямат працаваў у Менску ўсяго толькі некалькі месяцаў, спадарыня Герашчанка адказала: "А мне падалося, што ён там ужо сто гадоў сядзіць. Я магу памыляцца, але ў любым выпадку прызначэньне і зьмена паслоў – прэрагатыва прэзыдэнта і дыпляматычнага ведамства. Новая кандыдатура пасла ў Беларусі ўжо абмяркоўваецца, але пакуль яна не зацьверджана канчаткова, я не магу вам сказаць, хто гэта будзе".

Учора спадар Налівайчанка знаходзіўся ў Кіеве. Ва ўкраінскіх дыпляматычных колах яму прадказваюць падвышэньне па службе. Да прыезду ў Менск ён быў намесьнікам міністра замежных справаў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі з украінскага кіраўніцтва Валянцін Налівайчанка прызначаны першым намесьнікам старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG