Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зробленыя высновы з трагедыі на Нямізе?


Радыё Свабода Споўнілася сем гадоў з таго дня, калі ў выніку цісканіны ў падземным пераходзе станцыі мэтро “Няміга” загінулі 53 чалавекі. Ці зробленыя за гэты час нейкія высновы? Ці няма пагрозы паўтарэньня такой трагедыі ў будучыні? Гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Сем гадоў таму адбылася трагедыя на Нямізе. Ці зробленыя высновы, і ці можа нешта падобнае паўтарыцца ў будучыні?”

(Спадар: ) “Зрабілі пэўныя высновы. Але правядзеньне апошніх буйных мерапрыемстваў паказвае, што нічога асабліва не зьмянілася. Казалі, што трэба неяк інакш падыходзіць да арганізацыі такіх мерапрыемстваў, а скончылася тым, што прыбралі зь пераходаў газэтныя шапікі, і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Высновы ўладамі ня зробленыя. Асноўная прычына гэтай трагедыі — бескультур’е людзей”.

(Спадар: ) “Ведаеце, гэта ягоная вялікасьць выпадак. З прафэсійнага боку можа паўтарыцца, а па-чалавечы — наўрад ці. Былі створаныя ўмовы для моладзі, каб нешта адбылося. Тым больш, Няміга не найлепшае месца ў сэнсе энэргетыкі”.

(Хлопец: ) “Я ня ведаю, можа і будзе нешта падобнае. На мерапрыемствах стала бясьпечней, але якія зробленыя высновы, я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Такое можа паўтарыцца. Бо мінула шмат гадоў, і некаторым людзям уласьціва забываць тое, што было. Каму тады было дзесяць гадоў, яны гэтага не запомнілі. А калі яны вырастуць, мо такое і паўтарыцца”.

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, была праведзеная вялікая работа, каб гэта ня здарылася. І інфармацыйная, і мэмарыялы ўсталяваныя. Думаю, для народу гэтага дастаткова”.

(Дзяўчына: ) “Нават ня ведаю. Высновы былі зробленыя, калі адбылася трагедыя. А цяпер усё забылі, бо ніхто пра гэта не нагадвае. І няма ў людзей разуменьня, з-за чаго гэта адбылося”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, якія высновы, але калі я іду па Нямізе, мне робіцца дрэнна. Калі бачу моладзь, што п’е піва і нічым не займаецца. Я ня бачу, што робяць нашыя ўлады”.

30 траўня 1999 году 53 чалавекі загінулі ў цісканіне ля ўваходу да станцыі мэтро “Няміга” ў Менску. Каля двух тысяч чалавек, пераважна моладзь, вярталіся са сьвята піва, якое адбывалася пасьля канцэрту каля Палацу спорту. Хаваючыся ад раптоўнай залевы, людзі кінуліся ў мэтро. Цісканіна адбывалася літаральна некалькі хвілін. Прычынай сьмерці большасьці загіблых стала асфіксія, а 250 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.

Па факце гібелі людзей была распачатая крымінальная справа, аднак вінаватыя не былі вызначаныя. Была зроблена выснова, што прычынай гібелі людзей стаў трагічны зьбег абставін. Начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктара Русака й былога начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіла Кандраціна абвінавацілі ў нядбайным стаўленьні да службовых абавязкаў, але асуджаныя яны не былі.

Тагачасны старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын пасьля трагедыі падаў у адстаўку, якая не была прынятая кіраўніком дзяржавы. Родныя загіблых неаднаразова падавалі зыскі на гарадзкія ўлады, міліцыю, піўзавод “Аліварыя”, радыёстанцыю “Мір” і “Класс-клуб ДК”, якія адказвалі за парадак падчас піўнога сьвята, Аднак зыскі былі адхіленыя судамі розных інстанцыяў.


Гл.таксама • Сем гадоў трагедыі на “Нямізе”, у якой загінулі 53 чалавекі
XS
SM
MD
LG