Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

30 траўня — сем гадоў трагедыі на “Нямізе”, у якой загінулі 53 чалавекі (фота)


Радыё Свабода 30 траўня споўнілася сем гадоў трагедыі каля менскай станцыі мэтро “Няміга”. У цісканіне, якая здарылася тады падчас піўнога сьвята, загінулі 53 чалавекі. Сёньня на месцы масавай гібелі людзей адбылося набажэнства, арганізаванае бацькамі загінулых. Яны кажуць, што з часам улады пакінулі іх сам-насам зь бядой і праблемамі.

Памінальнае набажэнства распачалося ў Сьвята-духавым саборы й прадоўжылася на месцы трагедыі. Дзеля гэтага сябры цэнтру сацыяльнай абароны “Няміга-99”, які складаюць бацькі загінулых, узялі адпаведны дазвол у гарадзкіх уладаў. Грамадзянскага мітынгу ў часе жалобнай імпрэзы апошнімі гадамі не бывае. Але гэтым разам падчас казаньня сьвятар падкрэсьліў, што моладзь не павінна весяліцца падчас рэлігійных сьвятаў, як гэта адбылося ў 1999 годзе.

(Сьвятар: ) “Гэта здарылася напярэдадні нашага прастольнага сьвята Троіца. Няможна нашым дзецям дазваляць у такія вялікія сьвяты займацца самадзейнасьцю. Няможна”.

Сваякі загінулых выказваньне сьвятара не пакінулі па-за ўвагай. Гавораць маці загінулых Ганна Зелянкевіч і Сьвятлана Рабаконь.

(Зелянкевіч: ) “Я вельмі ўважліва слухала гэтую малітву, што ня трэба было, каб дзеці на Троіцу ладзілі сьвята. Але ж яны не самавольна гэта рабілі, пэўна ж гарвыканкам ім дазволіў. Дык навошта ж трэба было рабіць на Троіцу гэтае зборышча? Словам, нашыя дзеці засталіся пешкамі”.

(Рабаконь: ) “І вельмі несправядлівае да нас вось такое стаўленьне”.

Нагадаю, што некаторыя сваякі некалькі гадоў спрабавалі давесьці ў судзе пра вінаватасьць у масавай гібелі людзей арганізатараў сьвята, у тым ліку і дзяржаўных асобаў. Спрабавалі спагнаць матэрыяльную кампэнсацыю за жыцьці дзяцей. Аднак суд спыніў вытворчасьць, бо тэрмін даўніны ў гэтай справе скончыўся. І цяпер бацькі, фактычна, пакінутыя сам-насам са сваімі праблемамі. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Рабаконь: ) “Я, як маці загінулага супрацоўніка, зьвяртаюся ў розныя нашыя органы, а са мной нават не жадаюць размаўляць. Мы нікому не патрэбныя, пра нас забыліся”.

(Зелянкевіч: ) “Зусім забыліся. Колькі ні зьвяртаесься — дапамогі ніякай няма”.

(Інькова: ) “Увогуле, кажуць: хопіць вам хадзіць і плакаць. Ужо даўно час забыцца, а вы ўсё плачаце й плачаце”.

(Зелянкевіч: ) “Калісьці казаў Аляксандар Лукашэнка, што з усімі бацькамі й сустрэнуся, і пагутару, — то няхай бы”.

(Інькова: ) “Чаму ён так нас баіцца, бацькоў няміскіх? Ён хоць бы аднойчы сустрэўся з намі й запытаўся: што ў вас набалела, якое вашае здароўе? Але ні разу гэтага не было”.

Як паведаміла лідэрка цэнтру сацыяльнай абароны “Няміга-99” Натальля Навакаўская, цяпер “Няміга-99” дзейнічае на ўзроўні ўзаемадапамогі паміж сваякамі няміскай трагедыі. На афіцыйным узроўні цэнтар спыніў дзейнасьць пасьля таго, як быў пазбаўлены арэнды й юрыдычнага адрасу на вуліцы Карла Маркса, 5. Цяпер тыя памяшканьні будынку належаць Камітэту дзяржаўнага кантролю.











30 траўня 1999 году 53 чалавекі загінулі ў цісканіне ля ўваходу да станцыі мэтро “Няміга” ў Менску. Каля двух тысяч чалавек, пераважна моладзь, вярталіся са сьвята піва, якое адбывалася пасьля канцэрту каля Палацу спорту. Хаваючыся ад раптоўнай залевы, людзі кінуліся ў мэтро. Цісканіна адбывалася літаральна некалькі хвілін. Прычынай сьмерці большасьці загіблых стала асфіксія, а 250 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.

Па факце гібелі людзей была распачатая крымінальная справа, аднак вінаватыя не былі вызначаныя. Была зроблена выснова, што прычынай гібелі людзей стаў трагічны зьбег абставін. Начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктара Русака й былога начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіла Кандраціна абвінавацілі ў нядбайным стаўленьні да службовых абавязкаў, але асуджаныя яны не былі.

Тагачасны старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын пасьля трагедыі падаў у адстаўку, якая не была прынятая кіраўніком дзяржавы. Родныя загіблых неаднаразова падавалі зыскі на гарадзкія ўлады, міліцыю, піўзавод “Аліварыя”, радыёстанцыю “Мір” і “Класс-клуб ДК”, якія адказвалі за парадак падчас піўнога сьвята, Аднак зыскі былі адхіленыя судамі розных інстанцыяў.


Гл.таксама • Ці зробленыя высновы з трагедыі на Нямізе?
XS
SM
MD
LG